У інтэрвію газэце «СБ. Беларусь сегодня» кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Ігар Сергеенка патлумачыў некаторыя падыходы Рэспубліканскага савету гістарычнай палітыкі, якую ён узначальвае паралельна.
На думку чыноўніка, Тадэвуш Касьцюшка быў «высакародным», але ідэя, за якую ён змагаўся, «не была беларускай».
«Ці можна назваць нацыянальным героем Касьцюшку? Асоба яркая. Быў высакародны. Самааддана служыў ідэі. Але гэтая ідэя не была беларускай. Так, мы ня можам выкрасьліць яго са сваёй гісторыі, гэта супраць нашых прынцыпаў. Але павінны дакладна вызначыць яго ролю ў ёй, каб нашы дзеці разумелі, на каго раўняцца».
Аўтар, які не падпісаўся пад інтэрвію, у адным з пытаньняў назваў пэрыяды Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай «супярэчлівымі эпохамі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Да 275-годзьдзя Касьцюшкі ЭГУ прэзэнтаваў фільм «Рака лёсу»Сергеенка ня лічыць беларускім героем і Кастуся Каліноўскага. Заадно ён раскрытыкаваў савецкую гістарыяграфію, якую беларускія ідэолягі нярэдка бяруць за аснову. Рэч Паспалітую ён назваў «польскай».
«Сфальсыфікаваная выява нацыянальнага героя здольная ў роўнай ступені як аб’яднаць, так і раскалоць грамадзтва. Прыклад таму — створаны ў савецкай гістарыяграфіі міт аб Каліноўскім. Мы ўбачылі на свае вочы, як небясьпечна скажаць факты або ўтойваць частку праўды. Савецкае пакаленьне вырасла на прыкладзе гераічнай барацьбы рэвалюцыянэра Каліноўскага з царызмам. А сёньня на асобе гэтага так званага героя, на прыкладзе ягонай барацьбы за ідэю аднаўленьня польскай Рэчы Паспалітай гуляе вонкавы вораг, спрабуючы ўбіць клін паміж братэрскімі народамі, раскалоць грамадзтва ўнутры адной краіны», — заявіў Сергеенка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 160 гадоў таму Каліноўскі стварыў першы ўрад новай Беларусі. Чаму гэта здарыласяТаксама Сергеенка выказаўся пра асобу Барыса Кіта. Ён ня лічыць прыкладам і яго. «Супрацоўніцтвам» зь немцамі чыноўнік лічыць выкладаньне ў школе пры акупацыі, як лічыла і савецкая прапаганда.
«Так, многія ўраджэнцы Беларусі маюць сусьветную вядомасьць. Мы можам ганарыцца тым, што на нашай зямлі нараджаюцца геніі. Але, напрыклад, ці назавём мы сваім нацыянальным героем таленавітага вучонага, які супрацоўнічаў у гады акупацыі зь немцамі, пасьля вайны жыў і працаваў у ЗША? Ня проста працаваў. У самы разгар халоднай вайны ўдзельнічаў у распрацоўках паліва для касьмічных караблёў і ракет, якія былі накіраваныя на яго радзіму», — заявіў Ігар Сергеенка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дзеду, за хмары!» Барыса Кіта, якому сёньня споўнілася б 110 гадоў, успамінаюць сын і ўнукЧыноўнік выказаўся аб тым, каго ж лічыць нацыянальным героем:
«Гэта чалавек, які ў цяжкі пэрыяд, як героі Вялікай Айчыннай вайны (так беларускія ідэолягі называюць пэрыяд ІІ усясьветнай вайны на тэрыторыі СССР. — заўв. РС), або ў крытычнай сытуацыі, як нашы лётчыкі, Героі Беларусі Ўладзімер Карват, Андрэй Нічыпорчык, Мікіта Куканенка, робіць неймаверна мужны выбар. Ахвяруе ці рызыкуе сваім жыцьцём, абараняючы родную зямлю, людзей. Або самааддана жыве, аддаючы ўсяго сябе высакароднай ідэі, якая служыць на карысьць, акцэнтую, свайго народа, як савецкія Героі Сацыялістычнай Працы, Герой Беларусі мітрапаліт Філарэт».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Памяць пра 2020 год можа стаць больш яскравым маркерам гістарычнай памяці беларусаў, чым вайна», — швэдзкі гісторык ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На Кастрычніцкай плошчы Менску плянуюць паставіць вялікі манумэнт «Беларусь адзіная»