«У ходзе апэрацыі пад Бахмутам батальён „Волат“ палку Каліноўскага панёс страты. На жаль, адзін ваяр загінуў. Яшчэ чацьвёра на дадзены момант лічацца зьніклымі бязь вестак, але яны дакладна не ў палоне», — паведамілі ў прэс-службе палку Каліноўскага.
Яшчэ некалькі байцоў атрымалі раненьні рознай ступені цяжкасьці, цяпер іх жыцьцю нічога не пагражае.
Асобы ваяроў і падрабязнасьці апэрацыі ў палку пакуль не раскрываюць у мэтах бясьпекі.
На сёньня вядома пра 21 беларуса, якія загінулі пасьля лютага 2022-га, баронячы Ўкраіну.
Баі за Бахмут працягваюцца ўжо 9 месяцаў. Гэты кірунак застаецца адным з самых гарачых пунктаў на фронце.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Да ўгодкаў гібелі Паўла Суслава ва Ўкраіне ініцыявалі хвіліну памяці беларусаў-добраахвотнікаў, якія загінулі на вайнеКолькі Герояў Украіны сярод беларусаў
Першым беларусам, які ў 2017 годзе атрымаў званьне Героя Ўкраіны, стаў Міхась Жызьнеўскі: ён адным зь першых загінуў у 2014 годзе ў Кіеве ў часе масавых акцыяў пратэсту.
У красавіку 2022 году званьне Героя Ўкраіны пасьмяротна прысвоілі беларускаму добраахвотніку Аляксею Скоблі, які загінуў 13 сакавіка 2022 году, калі прыкрываў адыход сваіх байцоў пад Кіевам. Яго пахавалі ў Кіеве.
У лютым 2023 году ўкраінскія актывісты зарэгістравалі пэтыцыю з заклікам да прэзыдэнта Ўкраіны пасьмяротна ўзнагародзіць былога сустаршыню «Маладога фронту» і палітычнага вязьня Эдуарда Лобава, які служыў у 72-й асобнай мэханізаванай брыгадзе і загінуў у баі пад Вуглядарам у студзені 2023 году. Але гэтая пэтыцыя сабрала толькі 5860 з 25 тысяч неабходных подпісаў.
У ліпені 2020 году ўкраінскія актывісты ініцыявалі пэтыцыю з заклікам да Ўладзіміра Зяленскага пасьмяротна прысвоіць званьне Героя Ўкраіны вайскоўцу 35-й брыгады марской пяхоты, вайсковаму мэдыку беларускага паходжаньня Мікалаю Ільіну. Ён загінуў 13 ліпеня ў выніку абстрэлу пад Зайцавам Данецкай вобласьці. Аднак пэтыцыя не набрала неабходнай для перадачы яе на разгляд прэзыдэнта Ўкраіны колькасьці подпісаў.
У красавіку 2023 году за некалькі дзён пасьля публікацыі сабралі неабходную колькасьць подпісаў пад пэтыцыяй аб неабходнасьці ўзнагародзіць званьнем Героя Ўкраіны і Зоркай Героя грамадзяніна Беларусі Данііла Лешука, які загінуў 1 красавіка ля сяла Першамайскага Данецкай вобласьці. Такое рашэньне пакуль ня ўхвалена.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Журналісты Свабоды зьнялі рэпартаж аб контранаступе ўкраінскага войска пад Бахмутам. ВІДЭА