Папа Францішак падтрымаў грамаду́ вернікаў менскага Чырвонага касьцёла, які забралі ўлады

Папа рымскі Францішак. Архіўнае фота

Папа Рымскі Францішак асабіста праінфармаваны аб сытуацыі вакол касьцёла Сьвятых Сымона і Алены (Чырвонага касьцёла) у Менску, гаворыцца ў лісьце Дзяржсакратарыяту Ватыкану прадстаўнікам грамады храма.

Кіраўнік Сьвятога прастола ў пасланьні адзначыў, што лічыць важным мець магчымасьць свабодна вызнаваць веру ў любым месцы, паведамляе ініцыятыва «Хрысьціянская візія».

«Папа Францішак трымае вас і ваш прыход у Менску ў сваіх малітвах і запэўнівае вас у сваёй асаблівай духоўнай блізкасьці. Ён просіць вас маліцца за яго апостальскае служэньне і сам ад усяго сэрца моліцца аб шчодрых Божых дабраславеньнях за ўсіх вас і вашых блізкіх», — адзначана ў лісьце, які маюць актывісты.

Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году адносіны дзяржавы і касьцёла ў Беларусі ўскладніліся ў сувязі з тым, што многія каталіцкія ярархі і вернікі адкрыта выступілі супраць хвалі гвалту і рэпрэсій, якія наступілі ўсьлед за масавымі пратэстамі. Некаторыя сьвятары прайшлі праз затрыманьні, суды і арышты з палітычных матываў, асобныя былі вымушаныя пакінуць Беларусь.

  • Чырвоны касьцёл быў зачынены на рамонт пасьля пажару, які здарыўся ў ноч на 26 верасьня 2022 году.
  • Была пашкоджана маёмасьць на плошчы каля 20 кв. м, людзі не пацярпелі.
  • Улады закрылі будынак да аднаўленьня пашкоджаных пажарам камунікацый і «атрыманьня вынікаў інструмэнтальных дасьледаваньняў будаўнічых канструкцый».
  • 6 кастрычніка з прыходам скасавалі дамову бязвыплатнага карыстаньня будынкам касьцёла.
  • 14 кастрычніка стала вядома, што ўлады забаранілі парафіі праводзіць богаслужэньні ў плябаніі, а 9 лістапада — у асобных памяшканьнях і дворыку касьцёла.
  • У сярэдзіне лютага 2023 года вернікам і сьвятарам удалося агледзець Чырвоны касьцёл знутры.
  • Прадстаўнікі касьцёльнага камітэта пазьней адзначылі на парафіяльным сайце, што ў залі для набажэнстваў не было знойдзена «сьлядоў узгараньня, сажы і іншых бачных пашкоджаньняў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Упершыню за 33 гады падчас працэсіі Божага Цела ў Менску ня будзе прыпынку ля Чырвонага касьцёла
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Камісія ЗША па міжнароднай рэлігійнай свабодзе заявіла пра пагаршэньне сытуацыі са свабодай веравызнаньня ў Беларусі