У Кангрэсе ЗША падтрымалі рэзалюцыю аб спэцтрыбунале за агрэсію Расеі супраць Украіны

Будынак Капітолія ЗША ў Вашынгтоне. Архіўнае фота

Камітэт замежных спраў Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША прагаласаваў 16 траўня за рэзалюцыю з заклікам прэзыдэнта ЗША падтрымаць стварэньне спэцыяльнага трыбуналу для пакараньня Расеі за злачынства агрэсіі супраць Украіны.

Дакумэнт накіравалі на разгляд Палаты прадстаўнікоў, паведамляе «Голас Амэрыкі». Праект рэзалюцыі падаў кангрэсмэн-дэмакрат Біл Кітынг у суаўтарстве з 25 кангрэсмэнамі ад дзьвюх вядучых партый ЗША.

Прадстаўляючы рэзалюцыю перад камітэтам, Біл Кітынг адзначыў, што яна зьяўляецца адным з дакумэнтаў, якія маюць вырашальнае значэньне як для ўнутраных, так і для міжнародных намаганьняў у прыцягненьні расейскага ўраду да адказнасьці за парушэньні правоў чалавека.

Старшыня Камітэта замежных спраў Палаты прадстаўнікоў, кангрэсмэн-рэспубліканец Майкл Маккол, заявіў, што перад прыняцьцем рэзалюцыі кангрэсмэны мелі магчымасьць заслухаць генэральнага пракурора Ўкраіны Андрэя Косьціна, а таксама на свае вочы ўбачыць ваенныя злачынствы.

«Я падтрымліваю гэтую пастанову. Мы пачулі ад генэральнага пракурора Ўкраіны аб жудасных зьверствах. У мяне была магчымасьць пабываць зь ім у Бучы, убачыць месцы масавых пахаваньняў, дзяцей, расстраляных у патыліцу, пяцігадовых, згвалтаваных да сьмерці групай Вагнэра, акупацыю тэрыторый, вываз дзяцей з дамоў, разбомбленыя радзільныя дамы і іншыя цывільныя аб’екты, парушэньні ўсіх Жэнеўскіх канвэнцый, таму я лічу спэцыяльны трыбунал дарэчным», — сказаў Маккол.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін запрасіў Сі Цзіньпіна ў Расею абмеркаваць вайсковае супрацоўніцтва. У ЗША выказалі занепакоенасьць

Згодна з праектам рэзалюцыі:

  • Палата прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША рашуча асуджае поўнамаштабнае ўварваньне Расейскай Фэдэрацыі ва Ўкраіну;
  • падтрымлівае народ Украіны ў яго барацьбе за свабоду, незалежнасьць і дэмакратыю;
  • падкрэсьлівае сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны ў яе міжнародна прызнаных межах;
  • лічыць, што існуюць важкія доказы таго, што асобныя лідэры Расеі вінаватыя ў зьдзяйсьненьні злачынства агрэсіі супраць Украіны, што патрабуе належнага судовага рашэньня міжнароднай супольнасьці;
  • прызнае неабходнасьць стварэньня Спэцыяльнага трыбуналу ў справе аб злачынствах агрэсіі супраць Украіны;
  • вызначае пагадненьне паміж Украінай і ААН пасьля станоўчага галасаваньня Генэральнай Асамблеі ААН як адзін з варыянтаў стварэньня міжнароднага трыбуналу;
  • заклікае прэзыдэнта ЗША прыняць усе даступныя захады для падтрымкі стварэньня Спэцыяльнага трыбуналу для злачынстваў агрэсіі супраць Украіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Эўразьвязе асьцерагаюцца росту ўплыву Кітая пасьля магчымай паразы Расеі ў вайне
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жонку былога канцлера Нямеччыны Шрэдэра звольнілі за сьвяткаваньне 9 траўня ў амбасадзе Расеі