Колішні прэзыдэнт Польшчы Лех Валэнса заявіў, што «ўпотай» рабіў так, каб Украіна і Беларусь разам набылі сяброўства ў Эўрапейскім Зьвязе і NATO.
«Калі я быў прэзыдэнтам, я хацеў, каб Украіна і Беларусь разам уступілі ў NATO і Эўрапейскі Зьвяз. Толькі я рабіў гэта ўпотай. Я хацеў, каб гэта было зроблена ў часе майго другога тэрміну. Другога тэрміну не было, таму ўсё развалілася. І вельмі шкада, што гэта не атрымалася, таму што ў нас не было б той сытуацыі, якая ёсьць сёньня. У мяне была праграма, і я ведаў, куды рухацца. Я таксама хацеў, каб Расея панесла адказнасьць, калі Савецкі Саюз распадзецца», — сказаў Лех Валэнса ў інтэрвію Lrt.lt.
Такім чынам Лех Валэнса адказаў на пытаньне журналіста, ці павінна Эўропа даць надзею Ўкраіне на магчымасьць далучыцца да NATO.
Экс-прэзыдэнт Польшчы дадаў, што тады гэта было немагчымым, а сёньня ёсьць такая магчымасьць.
«Пуцін зрабіў жахлівую памылку. Ён настроіў супраць сябе ўвесь разьвіты сьвет», — дадаў Лех Валэнса.
Чарговы саміт краін NATO адбудзецца ў чэрвені ў Вільні (Літва). На гэтую сустрэчу запрасілі прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сэнат Польшчы падтрымаў далучэньне Ўкраіны да NATO ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Генэральны сакратар NATO: Украіна мае ўсе шанцы на вяртаньне захопленых Расеяй тэрыторый ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністар абароны Нямеччыны: Украіна можа стаць чальцом NATO толькі пасьля завяршэньня вайны