Затрыманьне ў Горках
У Горках Магілёўскай вобласьці затрымалі Паўла Шакоўскага, аднаго зь вядомых мясцовых барбэраў, паведамляе «Наша ніва». Увагу сілавікоў прыцягнулі бел-чырвона-белыя тату Паўла і пакінутыя ім камэнтары ў сацсетках.
На відэа, запісаным сілавікамі, Шакоўскі сядзіць са схаванымі за сьпінаю рукамі. Яго вінавацяць ва ўдзеле ў мітынгах і «зьняважлівых камэнтарах» у адрас міліцыі і Лукашэнкі. Таксама сілавікі змусілі зьняволенага разьдзецца.
Калі Паўла Шакоўскага затрымалі і што яму інкрымінуюць, невядома. У Горках Паўла Шакоўскага лічаць адным з найлепшых цырульнікаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менскім гарадзкім судзе ў адзін дзень разглядаюць чатыры палітычна матываныя крымінальныя справыБацьку і дачку пакаралі «хатняй хіміяй» за ўдзел у акцыі пратэсту ў 2020 годзе
У судзе Савецкага раёну Менску асудзілі 60-гадовага Юрыя Машка і ягоную 24-гадовую дачку Валерыю Машок. Іх абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парак, альбо актыўным удзеле ў іх (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
Справу разглядаў Аляксандар Якунчыхін, паведамляюць праваабаронцы.
Юрыя і Валерыю Машкоў 27 красавіка ўнесьлі ў «Сьпіс асоб, датычных да экстрэмісцкай дзейнасьці». Суд прызнаў іх вінаватымі і пакараў абмежаваньнем волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу на тэрмін два гады кожнага («хатняй хіміяй»).
Меру стрыманьня ім зьмянілі на падпіску аб нявыезьдзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 15 траўня: У Віцебску судзяць арт-мэнэджара і музыку БулаўскагаПалітвязьня Яўгена Петрачэнку будуць судзіць за «злоснае непадпарадкаваньне адміністрацыі калёніі»
Яўген – футбольны фанат з Барысава. Да затрыманьня працаваў зваршчыкам на мясцовым жалезабэтонным заводзе. Падчас пратэстаў у Барысаве ён нібыта штурхануў турнікет на міліцыянта, чым пашкодзіў яму нагу і твар. Пры затрыманьні хлопца ўдарылі дубінкай па галаве так, што ён страціў прытомнасьць.
У кастрычніку 2020-га Яўгена асудзілі паводле арт. 364 КК («Гвалт альбо пагроза прымяненьня гвалту ў адносінах супрацоўніка ўнутраных спраў») на 3,5 года калёніі. Пазьней яму ўзмацнілі пакараньне і перавялі на турэмны рэжым у магілёўскую турму.
У судзе Ленінскага раёна Магілёва 26 траўня над хлопцам распачнецца суд паводле ч. 1 арт. 411 КК за «злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы». Справу будзе разглядаць судзьдзя Вікторыя Палякова, піша «Вясна».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 12 траўня: Выкладчыцу зь Віцебску аштрафавалі за аватарку з надпісам «Людзьмі звацца»