BISS апублікаваў вынікі дасьледаваньня дыскрымінацыі беларускай мовы ў Беларусі

Інфаграфіка дасьледаваньня BISS

Аўтары Беларускага інстытуту стратэгічных дасьлведваньняў (BISS) апыталі 482 чалавекі, якія карыстаюцца беларускай мовай у Беларусі.

Паводле Канстытуцыі, дзяржаўнымі мовамі ў Беларусі зьяўляюцца беларуская і расейская. Аднак, нягледзячы на іх фармальна аднолькавы статус, расейская мова дамінуе ва ўсіх сфэрах, а людзі, якія карыстаюцца беларускай мовай, штодзённа сутыкаюцца з дыскрымінацыяй, робяць выснову аналітыкі BISS.

Аўтары дасьледаваньня апыталі 482 чалавекі ва ўзросьце ад 15 да 72 гадоў, якія карыстаюцца беларускай мовай у Беларусі. У фокусе апытаньня была даступнасьць адукацыі, інфармацыі і абслугоўваньня на беларускай мове.

Апытаныя заьведчылі, што па-беларуску немагчыма атрымаць адукацыю, аформіць картку ў банку, запісацца да лекара, скласьці дамову, прачытаць важную тэхнічную інфармацыю.

Адукацыя і беларуская мова

Міністэрства адукацыі зыходзіць з таго, што беларускамоўныя школы і клясы адкрываюцца па заявах бацькоў, але рашэньне пра адкрыцьцё ці закрыцьцё школ і клясаў прымаюцца мясцовымі выканкамамі. У выніку заява ад бацькоў не гарантуе, што дзіця зможа вучыцца на беларускай мове.

Нізкі працэнт школьнікаў, якія навучаюцца на беларускай мове, вядзе да зьмяншэньня колькасьці асобаў, якія валодаюць натуральным маўленьнем і карыстаюцца беларускай мовай у побыце. Гэта ўзмацняе пагрозу зьнікненьня беларускай мовы з актыўнага ўжытку.

Навіны

  • З пачатку 2000-х гадоў у Беларусі пераважная большасьць асноўных СМІ выходзіць на расейскай мове.
  • У 2011-м усяго на каналах нацыянальнай тэлевізіі перадачы вяліся па-беларуску 626 гадзін (4% этэру), па-расейску — 14 882 гадзін (96% этэру).
  • У 2018-м з 501 газэты было 176 (35,1%) беларускамоўных. Пры гэтым, адзначаюць аўтары, што ўсе агульнанацыянальныя газеты, за выключэньнем газэты «Звязда», выдаюцца на расейскай мове.

Крамы і аптэкі

Тэхнічны рэглямэнт Мытнага саюзу «Аб бясьпецы ўпакоўкі» прадпісвае, што «інфармацыя павінна быць выкладзена на расейскай мове і на дзяржаўнай(ых) мове(ах) дзяржавы – сябра саюзу пры наяўнасьці адпаведных патрабаваньняў у заканадаўстве(ах) дзяржавы(ў)-чальцоў».

Аднак слова «або» ў артыкуле аб маркіроўцы закону «Аб мовах» зводзіць сытуацыю да наступнага: расейская мова ў маркіроўцы прадукцыі абавязковая, а беларуская — не.

Прававая інфармацыя

У 2021 годзе Нацыянальны цэнтар прававой інфармацыі паведаміў, што ў Эталённай базе даных прававой інфармацыі разьмешчана 195 130 прававых актаў, зь іх 2 729 — на беларускай мове. Такім чынам, толькі 1,4% прававых актаў маюць вэрсію на беларускай мове. Пры гэтым абсалютная большасьць беларускамоўных актаў маюць тэхнічны, нязначны зь юрыдычнага пункту гледжаньня характар.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вучыць беларускую мову трэба ня толькі з падручнікаў». Актывіст сабраў больш за 5000 ІТ-тэрмінаў у адной табліцы
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Толькі 6,8% бацькоў мелі права абраць беларускую мову выхаваньня ў садку. Вынікі новага дасьледаваньня