Лідэр палітычнай апазыцыі Беларусі, экс-кандыдатка ў прэзыдэнты краіны на выбарах 2020 году Сьвятлана Ціханоўская адрэагавала ў сваім твітэры на амаль тыднёвую адсутнасьць Аляксандра Лукашэнкі ў публічнай прасторы.
«Ходзіць шмат чутак пра здароўе дыктатара Лукашэнкі. Для нас гэта азначае толькі адно: мы мусім быць добра падрыхтаваныя да любога сцэнару, каб накіраваць Беларусь па шляху дэмакратыі і прадухіліць умяшаньне Расеі. Нам трэба, каб міжнародная супольнасьць дзейнічала праактыўна і хутка», — напісала палітык.
Лукашэнка прыляцеў у Маскву 8 траўня, дзе на наступны дзень узяў удзел у парадзе на Краснай плошчы з нагоды Дня перамогі. На кадрах, распаўсюджаных расейскімі мэдыя, відаць, што ў яго была перабінтаваная рука. Лукашэнка зь цяжкасьцю перасоўваўся, да месца ўскладаньня вянкоў яго падвозілі на электракары для вэтэранаў, хаця кіраўнікі іншых краін СНД, што ўдзельнічалі ў цырымоніі, ішлі пешшу.
Акрамя таго, у той дзень Лукашэнка прапусьціў сьняданак, які ладзіў прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін.
Увечары 9 траўня Лукашэнка ўдзельнічаў у цырымоніі ўскладаньня вянкоў да манумэнту на плошчы Перамогі ў Менску, але не выступаў — упершыню за ўсе гады ва ўладзе. Замест яго прамаўляў міністар абароны Віктар Хрэнін.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прыкмета слабасьці рэжыму. Тэма здароўя Лукашэнкі становіцца палітычнай праблемай Беларусі14 траўня ў Беларусі ўлады адзначалі афіцыйнае сьвята Дзень дзяржаўных сьцяга, герба і гімна, аднак Лукашэнка не зьявіўся і там. Ад ягонага імя пасланьне зачытаў прэм’ер-міністар Раман Галоўчанка.
Некаторыя СМІ паведамлялі аб тым, што Лукашэнку вазілі ў клініку, аднак падрабязнасьці невядомыя. Інфармацыю пра хваробу Лукашэнкі пацьвердзілі ў маскоўскай Дзяржаўнай Думе. Сваю думку пра магчымы дыягназ Лукашэнкі выказаў іншы беларускі апазыцыйны палітык — Павал Латушка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта ня ковід». Інфармацыю аб праблемах са здароўем Лукашэнкі пацьвердзіў расейскі дэпутат ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Латушка: У Лукашэнкі інфэкцыйна-алергічны міякардыт. Што гэта такое