Уладзімер Зяленскі паціснуў руку Сьвятлане Ціханоўскай, але размовы паміж палітыкамі не было.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Уладзімір Зяленскі паціснуў руку Сьвятлане Ціханоўскай. Гэта іх першая публічная сустрэчаУкраінскі лідэр пацьвердзіў узровень кантактаў, якім ён быў і раней, а менавіта — мінімальны. Не адбылося нават кароткай размовы палітыкаў.
Між тым падзеі і заявы апошняга часу могуць сьведчыць пра пэўную карэкцыю палітыкі Ўкраіны адносна Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі: «Звыш 70% беларусаў супраць Расеі. І гэта ўжо вялікая розьніца»Днямі прэзыдэнт Зяленскі заявіў, што 70% насельніцтва Беларусі — супраць Расеі ў яе вайне з Украінай: «Людзі, больш за 70% насельніцтва Беларусі сёньня супраць Расеі, засмучаныя вайной, падтрымліваюць Украіну. І гэта ўжо вялікая розьніца, значыць, нягледзячы на інфармацыйную палітыку і любыя наратывы, беларусы змагаюцца».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За каго беларусы ў гэтай вайне: за расейцаў ці за ўкраінцаў?Ня будзем прыдзірацца да словаў украінскага лідэра. Паводле сацыялягічных апытаньняў, якія праводзіліся ў Беларусі, катэгорыі беларускага насельніцтва, якія ён аб’яднаў у сваёй заяве — насамрэч розныя. «Засмучаныя вайной» — дык хіба ня ўсе: не жадаюць, каб беларускае войска ў ёй удзельнічала — пад 90%, не падтрымліваюць Расею ў яе ваенных дзеяньнях — сапраўды каля 70%, падтрымліваюць Украіну — каля 40%.
Але Зяленскі — не акадэмічны навуковец, а палітык-практык, лідэр краіны, якая вядзе вайну. І важны сам па сабе факт, што ён упершыню зрабіў такую заяву, аддзяліўшы беларусаў ад гэтай вайны. Ён, праўда, і раней не казаў, што яны адказныя за яе, але зараз хіба не ўпершыню правёў рысу, у пэўным сэнсе дараваў ім удзел іх дзяржавы ў вайне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Кіеве назвалі амаральным удзел кіраўнікоў краін Цэнтральнай Азіі і Каўказу ў вайсковым парадзе ў МасквеПра пэўную зьмену палітыкі сьведчыць і заява МЗС Украіны наконт удзелу лідэраў краінаў СНД у парадзе ў Маскве на 9 траўня: «Міністэрства замежных спраў Украіны разглядае ўдзел прэм’ер-міністра Армэніі і кіраўнікоў Казахстану, Кіргізстану, Таджыкістану, Туркмэністану і Ўзбэкістану ў вайсковым парадзе ў Маскве як амаральны і непрыязны крок у дачыненьні да Ўкраіны і праяву зьнявагі да ўкраінскага народу, які змагаецца за сваё выжываньне і свабоду».
Але ва ўрачыстасьцях у Маскве ўдзельнічаў і Аляксандар Лукашэнка. А чаму ж ён ня трапіў у сьпіс, чаму яго ўдзел не палічылі амаральным і непрыязным у дачыненьні да Ўкраіны? А таму, што лідэраў Армэніі і краінаў Цэнтральнай Азіі ў Кіеве разглядаюць, як легітымных кіраўнікоў сваіх дзяржаваў, здольных прымаць рашэньні паводле сваёй волі, хай у дадзеным выпадку, на думку МЗС Украіны, і кепскай, злой.
А Лукашэнка... А чаму ўкраінскае МЗС павінная турбаваць паездка ў Маскву шараговага грамадзяніна Беларусі А. Лукашэнкі? Хіба ён кіраўнік гэтай краіны, хіба рашэньне аб паездцы ён прымаў паводле сваёй волі, добрай ці злой?
Тое, што ён не згаданы ў заяве МЗС Украіны — адмоўны адказ на абодва пытаньні. Для Кіева ён не легітымны кіраўнік Беларусі і ад яго волі нічога не залежыць, і паездкі ў Маскву ў тым ліку.
Іншымі словамі, навідавоку пэўнае, большае, чым раней, дыстанцыянаваньне Кіева ад рэжыму Лукашэнкі: Зяленскі аддзяліў беларусаў ад вайны, МЗС Украіны ў пэўным сэнсе дало поўху Лукашэнку, ускосна даўшы зразумець, што не прызнае яго кіраўніком Беларусі.
Лаянка на адрас Зяленскага, паток абвінавачваньняў на адрас спэцслужбаў Украіны, прарасейская рыторыка беларускіх уладаў — насамрэч гэта ўсё ў Кіеве чуюць і на гэта рэагуюць. Але асымэтрычна.
Асымэтрыя палягае і ў тым, што ніякага істотнага падвышэньня статусу Сьвятланы Ціханоўскай пры гэтым не адбылося. Зяленскі падчас сваіх цяперашніх паездак і візытаў у Эўропу паціскае рукі сотням людзей. Вельмі часта гэта — проста жэст ветлівасьці, а не палітыка.
І абмен поціскамі рук з Ціханоўскай — гэта не сыгнал дзяржаўнаму апарату Ўкраіны, што цяпер яна — партнэр Кіева на беларускім накірунку.
Гэта, дарэчы, ня значыць, што партнэр — нехта іншы. Аддзяліць беларусаў ад вайны, паказаць Лукашэнку, што яго не паважаюць — гэтым, па сутнасьці, пакуль Кіеў і абмяжоўваецца.
А хто ўвасабляе тых 70% беларусаў, якія, паводле Зяленскага, супраць вайны, Расеі і за Ўкраіну? А пакуль ніхто. Там яшчэ ня вырашылі. І не выключаюць ніякіх варыянтаў адказу. У тым ліку і адказу: «Ніхто». Прынамсі, пакуль.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.