— Чаму прапагандысты сталі ганіць Нобэлеўскую прэмію, калі яе атрымаў Алесь Бяляцкі?
— Пачалі яшчэ са Сьвятланы Алексіевіч.
На першы погляд, тут ёсьць парадокс. Вось атрымаў прэмію расейскі Мэмарыял, які ў РФ забаронены. Але ў шырэйшай пэрспэктыве Нобэлямі мераюцца не рэжымы, а краіны і народы. Выходзіць, Расея атрымала прэмію міру і адначасова разьвязала вайну ва Ўкраіне?..
Насамрэч Нобэль — індыкатар чужароднасьці інтарэсаў рэжыму і краіны. Рэжым рана ці позна скончыцца, і Расея будзе ганарыцца Салжаніцыным і Бродзкім, якіх улады з Расеі выгналі. Беларусь і беларусы будуць хваліцца Алексіевіч і Бяляцкім. А пакуль рэжым адчувае сваю чужароднасьць для народу і краіны і інстынктыўна сыгналіць пра гэта.
— Чаму за столькі гадоў кіраваньня Лукашэнка так і ня вывучыў ангельскую мову?
— Ён аб’ектыўна жыве ў вобразе дырэктара саўгаса пасьляваенных часоў і нават калі б хацеў, ня змог бы зьмяніцца. Няма такой опцыі ў базавай камплектацыі. Гэты вобраз узыходзіць да постаці Сталіна, «мудрага кіраўніка», які калісьці зьлізвала ўся намэнклятура.
Наколькі атавістычна такі трафарэт выглядае ў сучаснасьці, падкрэсьлівае шпіц на гасьцявым стале Лукашэнкі. Так нейкі піяршчык вольна ці міжвольна патроліў дыктатара. Гэты белы пухнаты сабачка, калі хочаце, — іншасказ інгліша ў вуснах Лукашэнкі. Уявіце сабе шпіца на стале ў Сталіна. Акурат той выпадак, калі трагедыя паўтараецца як фарс.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Запытайся ў Дубаўца. Ці ёсьць на службе ў Лукашэнкі шчасьлівыя людзі і чаму Пазьняк ня здолеў аб’яднаць людзей у рэальную сілу— «Несьмяротны полк», як доўга расейцы будуць эксплюатаваць мёртвых?
— Трэба ўлічваць расейскі мэнталітэт. Там кажуць: «На миру и смерть красна». Там адчуваюць патрэбу крычаць пра сваё гора на ўсю вуліцу. І крык гэты робіцца агрэсіўным: «Можам паўтарыць!»... У беларусаў ёсьць традыцыя галашэньня, але яна не паказная, адбываецца ў коле сям‘і...
Асабіста ў мяне ў тую вайну на фронце загінуў дзед. Я нарадзіўся праз 16 гадоў, але тая страта сэнсоўна адчувалася праз усё маё жыцьцё і праз жыцьцё сям’і. Дзеда не было, але ён нейкім чынам прысутнічаў і прысутнічае ўвесь час і ва ўсім. Калі б я з партрэтам дзеда выйшаў на вуліцу, я адчуў бы глыбокі сорам, бо здрадзіў бы ягонай невідочнай прысутнасьці. Памяць у беларусаў вельмі прыватная.
— З Украіны вывезьлі шмат дзяцей, а іх хтосьці ўлічвае? Можа, іх вывозяць на ворганы?
— Ва ўмовах поўнай сакрэтнасьці і адкрытай хлусьні з боку рэжыму можа быць усё. Больш за тое, калі жыцьцё чалавека ўвесь час абясцэньваецца прапагандай, калі за антываенны лайк пагражае турма, калі ў дзіцячых садках насычаюць атмасфэру мілітарызмам і «русским миром», а з другога боку, на ўвесь сьвет выхваляюцца посьпехамі беларускай трансплянталёгіі... Шукаючы лёгіку ў гэтым усім, застаецца толькі дадумваць, зводзячы канцы з канцамі.
Узброеныя цёмныя людзі фактычна зьнішчылі журналістыку ў Беларусі і пад покрывам таямніцы робяць цёмныя справы. Інакш нашто ім хавацца? Добрыя справы звычайна робяць адкрыта.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Запытайся ў Дубаўца. Пра асаблівы лёс беларусаў як нацыі, бясконцыя масавыя рэпрэсіі і пошукі вінаватых— Цяпер уся агрэсіўная прапаганда вядзецца ў Беларусі па-расейску. А ці магчымая яна па-беларуску і ці варта гэтага патрабаваць?
— Патрабаваць ня варта, бо гэта зьвязана з вашай бясьпекай, а пры тым і немагчыма. Па-беларуску можна, вядома, перадаваць хлусьлівыя навіны, але рабіць агрэсіўную прапаганду нельга. Бо беларуская мова (асабліва за гэтыя тры гады) моцна аб’ядноўвае беларусаў вакол сваёй культуры і тоеснасьці, дае адчуваньне, што мы адна нацыя — як адна сям’я, пагатоў самыя сьветлыя нашы словы кшталту «Жыве Беларусь!» забароненыя рэжымам, і цяпер пра гэта ведаюць усе.
Задача прапаганды адваротная — атамізаваць людзей, трымаць іх у рабскім страху. Я ўжо не кажу пра галоўную мэту прапаганды — русыфікацыю.
— Чаму Віктар Бабарыка не адкупіўся ад турмы, а цяпер увогуле невядома, што зь ім?
— Дзесьці ў Высоцкага ёсьць радок: «Бо патрэбныя кнігі ты ў дзяцінстве чытаў». Прынамсі, для майго пакаленьня гэта цалкам вытлумачальныя словы.
Бабарыка чалавек шчыры і высакародны. І ў гэтым усім вельмі прынцыповы. Асабіста я ведаю яго такім і ведаю ягоную на карысьць Беларусі дабрачыннасьць, якую маштабамі ні з чыёй іншай дабрачыннасьцю ніякага іншага бізнэсоўца параўнаць немагчыма. Ён перакананы, што як ён будзе паводзіцца ў жыцьці, такое і жыцьцё будзе вакол яго. І гэта важней за турму і нават сьмерць. Такую пазыцыю могуць сабе дазволіць толькі вялікія людзі, якія ўрэшце застаюцца ў гісторыі і ў патрэбных кнігах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Запытайся ў Дубаўца. Куды будзе ўцякаць Лукашэнка ў выпадку перавароту, як ачышчаць мазгі ад прапаганды і на чыім баку быў бы Віктар Цой— Што вы думаеце пра стан Лукашэнкі? І як яго сьмерць паўплывае на рэпрэсіі?
— Яны спыняцца. Бо гэта яго асабістая помста і пэрсанальная адказнасьць. Ніхто ў ягоным атачэньні не настолькі ўсемагутны, амбітны і матываваны, каб браць гэтую пэрсанальную адказнасьць на сябе. Пры тым усе выдатна разумеюць, што гэтыя рэпрэсіі нічым, апроч ягонай помсты, не апраўданыя, што гэта адкрытыя злачынствы з выкарыстаньнем службовага становішча. І без Лукашэнкі пакрываць іх ня будзе каму.
Таму калі б ён сапраўды занядужаў і страціў кантроль, першым сыгналам было б калі не спыненьне рэпрэсій, дык прынамсі іх паслабленьне. Пакуль жа казаць пра гэта не выпадае.
Думкі, выказаныя ў аўтарскіх рубрыках, перадаюць погляды аўтараў і не адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
❓Задайце ваша пытаньне. Telegram: @SvabodaBelarus; Signal: +37068643669
ЧЫТАЙЦЕ ТАКСАМА:
Запытайся ў Дубаўца. Пра матывацыю ісьці на вайсковыя зборы, дасягненьні Лукашэнкі для Беларусі і загінулых за Ўкраіну расейцаўЗапытайся ў Дубаўца. Пра сілавы пераварот, чым Геніюш замінае «ябацькам» і хто вінаваты ў вайне — Пуцін ці народ РасеіЗапытайся ў Дубаўца. Пра народныя песьні, новую Беларусь і «генацыд беларускага народу»Запытайся ў Дубаўца. Навошта падпісваць пэтыцыі, што нам дае памяць пра БНР і якое месца ў новай Беларусі зойме ГУБАЗіКЗапытайся ў Дубаўца. Пра нацыянальны колер Беларусі, сваркі ў дэмакратычным асяродку і выцясьненьне з ужытку расейскай мовыЗапытайся ў Дубаўца. Пра «гібрыдную акупацыю» Беларусі, завочныя суды і «адцісканьне» маёмасьці ў «палітычных», выбар царквы і падарожжыЗапытайся ў Дубаўца. Ці была ў 2020 магчымасьць перамен, навошта Кітаю падтрымліваць Лукашэнку і як заставацца шчасьлівым, калі побач вайнаЗапытайся ў Дубаўца. Пра інцыдэнт у Мачулішчах, стратэгію дэмакратычных сіл і паглынаньне Беларусі РасеяйЗапытайся ў Дубаўца. Пра дэтэктар хлусьні для журналістаў, масавыя ўцёкі пасіянарыяў на Захад і «адмену» расейскай культурыЗапытайся ў Дубаўца. Ці Лукашэнка трымаецца пры ўладзе дзякуючы русыфікацыі, куды лепш эміграваць і ці ёсьць нейкая карысьць у вайне Запытайся ў Дубаўца. Чаму Эўропа не плянуе ісьці на Маскву, як распазнаць агента КДБ і пра жыцьцё «па маскоўскім часе»Запытайся ў Дубаўца. Ці бываюць беларусы імпэрцы, пра наступствы падзелу Расеі, зьнішчэньне беларускай мовы і шпіца на стале ў ЛукашэнкіЗапытайся ў Дубаўца. Ці ёсьць беларуская нацыя, што можна зрабіць для палітвязьняў і чаму многія беларусы давяраюць БТЗапытайся ў Дубаўца. Пра «масавыя беспарадкі», моўную сытуацыю ў краіне і які народ бліжэй беларусам — армяне ці азэрбайджанцыЗапытайся ў Дубаўца. Чаму пакаленьне 70+ жадае аб’яднаньня з Расеяй, пра беларускую нацыянальную ідэю і эўрапейскія каштоўнасьціЗапытайся ў Дубаўца. Пра Новы год, «калектыўны Захад» і калі беларусы-уцекачы змогуць вярнуцца дадомуЗапытайся ў Дубаўца. Пра найбліжэйшы беларусам народ, тарашкевіцу/наркамаўку і кветкі на магілу МакеяЗапытайся ў Дубаўца. Пра «нашу» Вільню, законнасьць першых выбараў прэзыдэнта і ці павінны ўкраінцы ў адказ бамбіць Расею