У Горадні затрымалі сама меней 6 чалавек
У Гародні сілавікі затрымалі сама меней 6 чалавек. Зьвесткі пра гэта зьявіліся ў праўладных каналах.
Праваабаронцы адзначаюць, што сярод затрыманых ёсьць былы актор тэатра лялек і шоўмэн Аляксандар Енджэеўскі. Наколькі вядома, яго затрымалі 10 траўня. Сілавікі таксама паказалі відэа з затрыманай намесьніцай гендырэктара гарадзенскай крамы «Гемма». Яны паказалі фота, дзе жанчына стаіць у счэпцы на акцыі пратэсту. Вядомыя імёны яшчэ двух затрыманых — Андрэй Таўрэль і Валерый Паруліс.
Жыхару Асіповічаў пагражае 6 гадоў пазбаўленьня волі за 12-сэкунднае відэа
Затрыманага завуць Руслан Рабкавец. Дакладная дата затрыманьня невядомая, але ёсьць інфармацыя, што супрацоўнікі УКДБ па Магілёўскай вобласьці злавілі яго прама на працоўным месцы. 33-гадовы жыхар Асіповічаў працаваў у сельгаспрадпрыемстве «БНБК-АГРА», паведамляюць праваабаронцы MAYDAY.
У пачатку студзеня 2023 года Руслан Рабкавец ехаў у пасажырскім цягніку, калі ўбачыў каля чыгуначнай станцыі «Вярэйцы» вагоны з ваеннай тэхнікай.
Як паведамляе УСК па Магілёўскай вобласьці, відэаролік ён накіраваў у паблік ДВІЗ «УКантакце», які прызнаны беларускімі ўладамі «экстрэмісцкім». Варта адзначыць, што само відэа доўжыцца ўсяго 12 сэкундаў і ў ім фактычна нічога не адбываецца — цягнік з ваеннай тэхнікай проста стаіць на станцыі.
Празь некаторы час мужчыну затрымалі супрацоўнікі КДБ. Яму прад’явілі абвінавачаньне па частцы 1 артыкула 361-4 (садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці) Крымінальнага кодэкса Беларусі. Мужчыну пагражае да 6 гадоў пазбаўленьня волі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 12 траўня: Выкладчыцу зь Віцебску аштрафавалі за аватарку з надпісам «Людзьмі звацца»Палітвязьня Алега Рубца, меркавана, зьмясьцілі ў штрафны ізалятар
Ад Алега Рубца няма вестак больш за месяц, паведамляюць родныя ў сацсетках. У нядаўнім лісьце ён пісаў, што ў яго ёсьць некалькі спагнаньняў, таму могуць адправіць у ШЫЗА.
Алега затрымалі 10 жніўня 2020 года за ўдзел у масавых беспарадках у ноч з 9 на 10 жніўня ў Пінску (ч. 2 арт. 293 КК). Пры затрыманьні яго моцна зьбілі. 30 красавіка 2020 году Рубцу прысудзілі 5,5 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
Паводле рашэньня наваполацкай судзьдзі Вольгі Баліка Алега Рубца ў чэрвені 2022 года перавялі на тры гады з калёніі ў сьледчую турму № 8 Жодзіна. У калёніі яго рэгулярга зьмяшчалі ў ШЫЗА, а таксама ўтрымлівалі ў ПКТ.
У пачатку 2022 года ад 2,5 месяцы ад Алега не было ні лістоў, ні званкоў. Пазьней высьветлілася, што яго на 60 сутак закідвалі ў штрафны ізалятар.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 11 траўня: зноў затрымалі гомельскага актывіста Ільлю Міронава; адваката выключылі з калегіі пасьля арышту за лайк ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 10 траўня: у Менску судзяць былога спэцназаўца, якога затрымалі за дзень да ад’езду за мяжу