У Бранскай вобласьці ўпалі верталёт Мі-8 і зьнішчальнік Су-34

Архіўнае ілюстрацыйнае фота, горад Клінцы

Крушэньне верталёта адбылося 13 траўня ў горадзе Клінцы Бранскай вобласьці РФ.

Дзяржаўнае агенцтва ТАСС са спасылкай на экстраныя службы паведамляе, што пры падзеньні верталёта Мі-8 загінулі два чалавекі. Паводле папярэдніх зьвестак, «з прычыны пажару рухавіка».

У выніку крушэньня верталёту ў Клінцах пацярпела жанчына, паведаміў кіраўнік Бранскай вобласьці Аляксандар Багамаз. Цяпер яе даставілі ў раённую бальніцу. Таксама пашкоджана пяць дамоў.

Мясцовыя тэлеграм-каналы публікуюць відэазапісы падзеньня верталёта ад відавочцаў, на якіх заўважна, як падпалены прадмет падае зь неба, пасьля гэтага уздымаецца слуп дыму. На адным зь відэа зь верталётам чуваць выбух.

Таксама ў Бранскай вобласьці пацярпеў крушэньне зьнішчальнік Су-34, паведамляе ТАСС са спасылкай на экстраныя службы.

«Су-34 упаў непадалёк ад украінскай мяжы. Лёс тых, хто знаходзіўся на борце, устанаўліваецца», — сказаў суразмоўца ТАСС. Абставіны катастрофы пакуль не вядомыя.

Паводле інфармацыі тэлеграм-каналаў Mash i Baza, у Клінцоўскім раёне Бранскай вобласьці шукаюць «дывэрсантаў», якія нібыта маюць дачыненьне да крушэньня Мі-8 і Су-34. Улады Бранскай вобласьці афіцыйна не паведамлялі аб увядзеньні пляну «Перахоп».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі зноў пажары на НПЗ пасьля атак бесьпілётнікаў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У анэксаваным Севастопалі загарэлася нафтабаза, у яе трапілі дроны