Кіраўнік эўрапейскай дыпляматыі Жузэп Бурэль заклікаў краіны Эўразьвязу перагледзець стратэгію ўзаемадзеяньня з Кітаем з прычыны росту яго ўплыву ў сьвеце. Пра гэта гаворыцца ў лісьце Бурэля кіраўнікам МЗС эўрапейскіх краін, зь якім азнаёмілася газэта Financial Times:
«Кітайскія амбіцыі відавочна накіраваны на пабудову новага сьветапарадку з Кітаем у цэнтры. Параза Расеі ва Ўкраіне не сарве траекторыю Кітая. Кітай здолее атрымаць з гэтага геапалітычную перавагу», — піша Бурэль.
Ён падкрэсьлівае, што многія краіны, якія разьвіваюцца, разглядаюць Кітай як процівагу Захаду і, такім чынам, і Эўропе. Большасць зь іх неахвотна падтрымалі санкцыі супраць Расеі ў адказ на яе ўварваньне ва Ўкраіну. Кітай скарыстаўся магчымасьцю паказаць сябе «неагрэсіўнай дзяржавай», якая не пачынае войнаў і ня цісьне на іншыя краіны, каб тыя ўвялі санкцыі «ў дачыненьні да яго супернікаў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сі Цзіньпін не павіншаваў Пуціна з 9 траўняУ сувязі з гэтым Бурэль заклікае краіны Эўразьвязу знайсьці стратэгію ўзаемадзеяньня з Кітаем, якая б адпавядала нацыяналізму Кітая і ўзмацненьню жорсткасьці яго канкурэнцыі з ЗША.
Новая палітыка ў дачыненьні да Кітая будзе распрацоўвацца ў наступным месяцы, аднак дыскусіі пачнуцца раней. Яны будуць сканцэнтраваныя на зьмене цяперашняй стратэгіі, у якой Кітай разглядаецца як «партнэр, канкурэнт, супернік». Чакаецца, што новая стратэгія надасьць большую вагу статусу «супернік», гавораць дыпляматы, знаёмыя з ходам перамоваў.
Пры гэтым, паводле Бурэля, Эўразьвяз не павінен імкнуцца «блякаваць узрастаючую моц краін, якія разьвіваюцца». Таксама Бурэль адзначае, што гатовы да «сур’ёзнага ўзаемадзеяньня» з Пэкінам наконт вайны ва Ўкраіне, нягледзячы на яго рытарычную падтрымку Расеі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кітай упершыню прагаласаваў за рэзалюцыю, якая называе Расею агрэсарам- Старшыня КНР Сі Цзіньпін у сакавіку 2023 года прыехаў зь візытам у Маскву. Таксама ён ня раз заяўляў аб стратэгічным партнэрстве і дружбе Пэкіна і Масквы. У красавіку адбылася першая тэлефонная размова Сі Цзіньпіна з украінскім прэзыдэнтам Уладзімірам Зяленскім.
- У канцы красавіка Кітай упершыню прагаласаваў за рэзалюцыю Генеральнай асамблеі ААН, якая змяшчае жорсткія фармулёўкі ў адносінах да Расеі ў сувязі зь яе ўварваньнем ва Ўкраіну. Раней прадстаўнікі Кітая, як правіла, устрымліваліся пры галасаваньні за праекты такіх рэзалюцый.