Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кітай упершыню прагаласаваў за рэзалюцыю, якая называе Расею агрэсарам


Пасяджэньне Генэральнай асамблеі ААН. Ілюстрацыйнае фота
Пасяджэньне Генэральнай асамблеі ААН. Ілюстрацыйнае фота

Кітай прагаласаваў за рэзалюцыю Генэральнай асамблеі ААН, дзе ёсьць жорсткія фармулёўкі ў дачыненьні да Расеі ў сувязі з яе ўварваньнем ва Ўкраіну. Раней прадстаўнікі Кітаю, як правіла, устрымліваліся пры галасаваньні за праекты такіх рэзалюцый.

Галасаваньне адбылося яшчэ 26 красавіка, аднак увагу на тэкст рэзалюцыі і на тое, што Кітай апынуўся ў ліку тых, хто прагаласаваў «за», СМІ і камэнтатары зьвярнулі толькі сёньня.

Усяго рэзалюцыю, прысьвечаную супрацоўніцтву ААН з Радай Эўропы, падтрымалі 122 краіны. Акрамя Кітаю, «за» прагаласаваў і шэраг іншых краін, якія лічацца дружалюбнымі Расеі, у тым ліку Казахстан і Армэнія, а таксама Індыя і Бразылія. Беларусь дакумэнт не падтрымала, разам зь Нікарагуа, Расеяй, Паўночнай Карэяй і Сырыяй. Яшчэ 18 краін устрымаліся.

У дакумэнце ў прыватнасьці гаворыцца аб «беспрэцэдэнтных выкліках», якія стаяць перад Эўропай «пасьля агрэсіі Расейскай Фэдэрацыі супраць Украіны, а да гэтага супраць Грузіі». Ён таксама заклікае «кампэнсаваць урон», нанесены ахвярам агрэсіі.

Вайна ва Ўкраіне не зьяўляецца галоўным прадметам рэзалюцыі, таму незразумела, ці зьяўляецца галасаваньне Кітаю і іншых краін у яе падтрымку сыгналам зьмены іх пазыцыі адносна дзеяньняў Расеі ва Ўкраіне. Раней Кітай устрымліваўся ад крытыкі дзеяньняў Масквы, заяўляючы аб неабходнасьці дасягненьня міру з улікам інтарэсаў усіх бакоў. Прадстаўнікі КНР галасаваньне не камэнтавалі.

  • Старшыня КНР Сі Цзіньпін у канцы сакавіка наведаў з візытам Маскву. Ён заяўляў аб стратэгічным партнэрстве і сяброўстве Пэкіна і Масквы. Краіны Захаду выказвалі засьцярогі, што Кітай можа пачаць пастаўкі Расеі зброі, аднак якіх-небудзь прыкмет зьмены пазыцыі Пэкіна ў дачыненьні да вайны ва Ўкраіне ад таго часу не было заўважана. Некалькі дзён таму адбылася тэлефонная размова Сі Цзіньпіна з украінскім прэзыдэнтам Уладзімірам Зяленскім.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG