Эканамічны суд Менску зьліквідаваў выдавецтва Зьмітра Коласа. Пазоў Міністэрства інфармацыі да аднаго з найбольш спрактыкаваных беларускіх выдаўцоў Зьмітра Коласа, які пачаў сваю дзейнасьць яшчэ ў савецкі час, судовая інстанцыя пачала разглядаць 2 траўня.
У сваёй заяве, як паведаміла Беларуская асацыяцыя журналістаў, кантрольнае ведамства патрабавала ануляваць выдадзенае раней пасьведчаньне аб рэгістрацыі. Суд задаволіў гэтае патрабаваньне 10 траўня.
Працэс вёў судзьдзя Аляксей Русецкі.
Раней БАЖ паведамляла, што падставай для пазову Міністэрства інфармацыі стаў зборнік гістарычных дакумэнтаў «„Вызваленыя“ i заняволеныя. Польска-беларускае памежжа 1939–1941 гг. у дакумэнтах беларускіх архіваў».
Сёлета 6 студзеня суд Цэнтральнага раёну Менску прызнаў апублікаваныя дакумэнты «экстрэмісцкімі матэрыяламі» — амаль усе яны паходзяць з фондаў Нацыянальнага архіва Беларусі і Дзяржаўнага архіва грамадзкіх арганізацый Горадзенскай вобласьці. У выхадных зьвестках выдаўцом пазначаны Зьміцер Колас. Згодна з рашэньнем суду, далейшы распаўсюд выданьня забаронены.
Гэта ўжо ня першы выпадак перасьледу Зьмітра Коласа за апошні час. На пачатку сакавіка яго затрымалі разам з друкаром Алегам Сычовым і наступныя 10 дзён пратрымалі ў СІЗА Камітэту дзяржбясьпекі. У выніку выдаўца вызвалілі без выстаўленьня абвінавачаньняў.
Пасьля гэтага Зьміцер Колас са сваім стэндам удзельнічаў у Менскім міжнародным кніжным кірмашы, і тады ніякіх прэтэнзій у ягоны адрас арганізатары ня мелі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністэрства інфармацыі Беларусі падало пазоў на ліквідацыю выдавецтва Зьмітра КоласаХто такі Зьміцер Колас
Зьміцер Колас ад канца 1980-х займаецца выдавецкай справай — у гэтым бізнэсе ён амаль 35 гадоў. Першы досьвед атрымаў у структуры Беларускага гуманітарнага адукацыйна-культурнага цэнтру, калі не існавала абавязковага ліцэнзаваньня, а было дастаткова пісьмовага дазволу міністра культуры і друку. На пачатку 2000-х зарэгістраваўся як індывідуальны прадпрымальнік і стаў незалежным выдаўцом. У 2014-м яшчэ раз памяняў статус, калі Міністэрства інфармацыі замяніла ліцэнзаваньне на дзяржаўную рэгістрацыю з выдачай адпаведнага пасьведчаньня.
Прыватнае выдавецтва Зьмітра Коласа вядомае кнігамі сусьветнай паэзіі, прозы, драматургіі, дзіцячай літаратуры ў найлепшых беларускіх перакладах. Прызнаньне чытацкай аўдыторыі атрымала тэматычная сэрыя «Паэты плянэты» — 28 лютага 2023 году ў Менскай абласной бібліятэцы імя Пушкіна адбылася імпрэза з нагоды 100-га яе выпуску.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Са жніўня 2020 году ня менш за 11 выдавецтваў і выдаўцоў зьехалі зь Беларусі за мяжу. Чым гэта пагражае