Эканамічны суд Менску заплянаваў на 2 траўня пасяджэньне па пазове Міністэрства інфармацыі супраць аднаго зь вядомых папулярызатараў перакладной літаратуры Зьмітра Коласа. Будзе разглядацца пытаньне пра спыненьне дзеяньня пасьведчаньня аб дзяржаўнай рэгістрацыі ў якасьці выдаўца.
Як адзначаецца на сайце Вярхоўнага суду, прадмет пасяджэньня — «прызнаньне несапраўднай дзяржаўнай рэгістрацыі суб’екту гаспадараньня». На працэс прызначаны судзьдзя Аляксей Русецкі.
У судовай абвестцы няма тлумачэньняў, на чым грунтуецца пазоў міністэрства, адзначае БАЖ. Крыніцы Беларускай асацыяцыі журналістаў паведамілі, што падставай для пазову стаў зборнік гістарычных дакумэнтаў «„Вызваленыя“ i заняволеныя. Польска-беларускае памежжа 1939–1941 гг. у дакумэнтах беларускiх архіваў».
Сёлета 6 студзеня суд Цэнтральнага раёну Менску прызнаў апублікаваныя дакумэнты «экстрэмісцкімі матэрыяламі» — амаль усе яны паходзяць з фондаў Нацыянальнага архіва Беларусі і Дзяржаўнага архіва грамадзкіх арганізацый Горадзенскай вобласьці. У выходных зьвестках выдаўцом пазначаны Зьміцер Колас. Згодна з рашэньнем суду, далейшы распаўсюд выданьня забаронены.
Гэта ўжо ня першы выпадак перасьледу Зьмітра Коласа за апошні час. На пачатку сакавіка яго затрымалі разам з друкаром Алегам Сычовым і наступныя 10 дзён пратрымалі ў СІЗА Камітэту дзяржбясьпекі. У выніку выдаўца вызвалілі без выстаўленьня абвінавачаньняў.
Пасьля гэтага Зьміцер Колас са сваім стэндам удзельнічаў у Менскім міжнародным кніжным кірмашы, і тады ніякіх прэтэнзій у ягоны адрас арганізатары ня мелі.
Хто такі Зьміцер Колас
Зьміцер Колас ад канца 1980-х займаецца выдавецкай справай — у гэтым бізнэсе ён амаль 35 гадоў. Першы досьвед атрымаў у структуры Беларускага гуманітарнага адукацыйна-культурнага цэнтру, калі не існавала абавязковага ліцэнзаваньня, а было дастаткова пісьмовага дазволу міністра культуры і друку. На пачатку 2000-х зарэгістраваўся як індывідуальны прадпрымальнік і стаў незалежным выдаўцом. У 2014-м яшчэ раз памяняў статус, калі Міністэрства інфармацыі замяніла ліцэнзаваньне на дзяржаўную рэгістрацыю з выдачай адпаведнага пасьведчаньня.
Прыватнае выдавецтва Зьмітра Коласа вядомае кнігамі сусьветнай паэзіі, прозы, драматургіі, дзіцячай літаратуры ў найлепшых беларускіх перакладах. Прызнаньне чытацкай аўдыторыі атрымала тэматычная сэрыя «Паэты плянэты» — 28 лютага ў Менскай абласной бібліятэцы імя Пушкіна адбылася імпрэза з нагоды 100-га яе выпуску.