Адвакатку Лазарэнку, якая кансультавала былых вязьняў пад турмой на Акрэсьціна, асудзілі на 6 гадоў калёніі

Анастасія Лазарэнка, архіўнае фота

На волі ў Анастасіі Лазарэнкі засталіся пажылы бацька і 19-гадовы сын, які з 16 гадоў пакутуе на хваробу Крона.

У Менскім гарадзкім судзе 11 траўня палітзьняволеную адвакатку Анастасію Лазарэнку асудзілі на 6 гадоў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму, паведамляе «Вясна». Вырак агучыла судзьдзя Сьвятлана Чарапанава.

Палітзьняволеную абвінавацілі паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: за «зьліў дадзеных сілавікоў і судзьдзяў у ЧКБ», а таксама за ўдзел у «Маршы за свабоду» ў жніўні 2020-га.

Паводле сьледзтва, Лазарэнка нібыта арганізавала «несанкцыянаванае масавае мерапрыемства», калі праводзіла кансультацыю пад ізалятарам на Акрэсьціна ў жніўні 2020 году.

На волі ў яе засталіся пажылы бацька і 19-гадовы сын, які з 16 гадоў пакутуе на хваробу Крона.

Перад судом палітзьняволеную адвакатку абмежавалі ў праве на абарону — аднаго зь яе адвакатаў выклікалі ў якасьці сьведкі, таму абараняць ён Анастасію больш ня можа. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, здарылася гэта незадоўга да заканчэньня сьледчых дзеяньняў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пазбавілі ліцэнзіі — і добра. Дзякуй, што не пасадзілі». Дзейная і былая адвакаткі расказалі, у якіх умовах працуюць абаронцы ў Беларусі

Ціск на адвакатаў

Сыстэматычны ціск на адвакатуру ўзмацніўся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году.

З пачатку 2021 году Міністэрства юстыцыі пазбавіла ліцэнзій ня менш як 60 адвакатаў. Зьліквідавалі каля 100 адвакацкіх бюро, спынена дзейнасьць каля 400 асобных адвакатаў, раней паведамляў пазбаўлены адвакацкай ліцэнзіі вядомы юрыст Дзьмітры Лаеўскі з спасылкай на свае зьвесткі ў верасьні 2022 году.

Інстытут адвакатуры фактычна пазбавіўся незалежнага статусу: з 2021 году адвакаты могуць працаваць толькі пры юрыдычных кансультацыях, загадчыкі якіх прызнача

юцца па ўзгадненьні зь Міністэрствам юстыцыі. У 2022 годзе паўнамоцтвы загадчыкаў пашырылі.

Супраць шэрагу адвакатаў завялі крымінальныя справы з палітычных матываў, шэсьць адвакатаў прызнаныя палітвязьнямі.

10 красавіка адваката Аляксандра Данілевіча асудзілі на 10 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Юрыста абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 361-4 («Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці»), ч. 3 арт. 361 («Заклікі да мераў абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы»).

Праваабаронцы расцэньваюць пазбаўленьне працы адвакатаў як прыклад «недапушчальнага ўмяшаньня органаў выканаўчай улады ў дзейнасьць незалежнай адвакатуры».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску затрымалі яшчэ аднаго адваката