Школа ў Менску гатовая ўзяць на працу экс-найміта ПВК «Вагнэр» для «патрыятычнага выхаваньня» дзяцей, — экспэрымэнт БРЦ

Кувалда ад ПВК Вагнэра, падараваная расейскаму дэпутату Міронаву. Ілюстрацыйнае фота

«Беларускі расьсьледніцкі цэнтар» (БРЦ) выявіў, што за тры месяцы служба занятасьці разьмясьціла 182 вакансіі кіраўнікоў па патрыятычным выхаваньні ў школах і каледжах па ўсёй Беларусі.

У шматлікіх вакансіях адным з абавязковых патрабаваньняў названы досьвед службы ва Ўзброеных сілах. Журналісты БРЦ патэлефанавалі ў некалькі школаў і каледжаў і прадставіліся байцом ПВК «Вагнэра», які ваяваў ва Ўкраіне і цяпер шукае працу. У адной зь менскіх школ адказалі, што такі досьвед падыходзіць.

«У нас абавязковае патрабаваньне на гэтую пасаду — досьвед працы ва Ўзброеных сілах. Зразумела ўжо цяпер, што ў вас ён ёсьць», — сказала дырэктарка сталічнай школы № 69 у адказ на пытаньне, ці могуць узяць на працу байца ПВК «Вагнэр» з расейскім грамадзянствам, які ваяваў ва Ўкраіне.

Што адказвалі ў іншых школах і каледжах, у БРЦ не паведамілі.

У БРЦ адзначылі, што менавіта ў сталічнай школе № 69 гатовыя плаціць больш за ўсё — да 1500 рублёў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваслаўе, міліцыя, «вайсковы патрыятызм». Чым і як тлумяць галовы беларускім дзецям
  • Вакансіі кіраўнікоў па патрыятычным выхаваньні ў школах і каледжах у базе службы занятасьці сталі зьяўляцца на пачатку лютага 2023 году.
  • Беларускія ўлады заняліся «патрыятычным выхаваньнем дзяцей і моладзі» пасьля масавых пратэстаў 2020–2021 гадоў. Улетку 2022 году з гэтай мэтай арганізавалі спэцыяльныя патрыятычныя лягеры, у якіх дзеці знаходзяцца пад наглядам сілавікоў. З пачаткам новага навучальнага году для беларускіх школьнікаў стварылі амаль 20 вайскова-патрыятычных клюбаў, а ў навучальных установах афіцыйна зьявілася пасада спэцыяльнага вайскова-патрыятычнага выхавацеля.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне засудзілі беларуса-вагнэраўца. Ён пайшоў на пагадненьне аб прызнаньні віны і пазьбег максымальнага тэрміну
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Музэй Рэчыцкага вайскова-патрыятычнага цэнтру «Скіф» атрымаў кувалду ПВК «Вагнер»