Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін падпісаў указ, згодна зь якім аднаўляюцца авіязносіны з Грузіяй і бязьвізавы рэжым для кароткачасовых паездак грамадзян Грузіі ў Расею.
Адначасова Міністэрства замежных спраў Расеі скасавала свае рэкамэндацыі расейцам не наведваць Грузію.
«Ухваленыя прэзыдэнтам Расеі рашэньні аб аднаўленьні авіязносін і ўвядзеньні бязьвізавага рэжыму для кароткачасовых паездак грамадзян Грузіі і Расеі ідуць у рэчышчы нашага прынцыповага падыходу аб пасьлядоўным спрашчэньні ўмоў для кантактаў паміж грамадзянамі Расеі і Грузіі, нягледзячы на адсутнасьць дыпляматычных дачыненьняў», — заявіла афіцыйная прадстаўніца Міністэрства замежных спраў Расеі Марыя Захарава.
Прэзыдэнтка Грузіі Саломэ Зурабішвілі назвала скасаваньне Расеяй візавага рэжыму для грузінскіх грамадзян «чарговай расейскай правакацыяй».
«Аднаўленьне прамых авіязносінаў і скасаваньне візавага рэжыму з Грузіяй непрымальныя, пакуль Расея працягвае агрэсію супраць Украіны і акупоўвае нашу тэрыторыю», — напісала Саломэ Зурабішвілі на сваёй старонцы ў Twitter.
Грузія разарвала з Расеяй дыпляматычныя дачыненьні ў 2008 годзе, пасьля таго як Расея анэксавала частку тэрыторыі грузінскай дзяржавы.
Візавы рэжым між Расеяй і Грузіяй быў уведзены ў 2012 годзе.
Расея ў чэрвені 2019 году спыніла авіязносіны з Грузіяй, калі там адбываліся антырасейскія пратэсты.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўрапейскі суд у правах чалавека абавязаў Расею выплаціць 130 млн эўра грузінскім ахвярам вайны 2008 году ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На пачатак году ў Грузіі жылі больш за 13 тысяч грамадзянаў Беларусі