Украіна ўзмацніла мабільнымі групамі СПА свае межы зь Беларусьсю і Расеяй

Камандуючы Аб’яднанымі сіламі Ўзброеных сіл Украіны Сяргей Наеў ажыцьцяўляе кіраўніцтва апэрацыйнай зонай на паўночных межах Украіны зь Беларусьсю і Расеяй. 1 красавіка 2023

Раней, у красавіку, Украіна на мяжы зь Беларусьсю ўжо разьмясьціла амэрыканскія зэнітна-ракетныя комплексы Avenger.

Камандуючы Аб’яднанымі сіламі Ўзброеных сіл Украіны Сяргей Наеў, які ажыцьцяўляе кіраўніцтва апэрацыйнай зонай на паўночных межах Украіны зь Беларусьсю і Расеяй, заявіў аб узмацненьні супрацьпаветранай абароны мабільнымі групамі на поўначы і паўночным захадзе краіны.

«Сёньня мы ўзмацняем нашу супрацьпаветраную абарону і перадаём нашым абаронцам чарговую партыю ўсюдыходных аўтамабіляў, аснашчаных буйнакалібэрнымі кулямётамі і пераноснымі зэнітна-ракетнымі комплексамі», — заявіў Сяргей Наеў.

Украінскі генэрал удакладніў, што гэтыя мабільныя групы будуць абараняць неба на подступах да Кіева, а таксама паветраную прастору над населенымі пунктамі поўначы і і паўночнага захаду.

Сёлета ў красавіку Ўкраіна на мяжы зь Беларусьсю разьмясьціла амэрыканскія зэнітна-ракетныя комплексы Avenger.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна на мяжы зь Беларусьсю разьмясьціла зэнітна-ракетныя комплексы Avenger. Як яны працуюць

У лютым 2022 году кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіла скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў. Тэрыторыя Беларусі і пазьней актыўна выкарыстоўвалася расейскім войскам для нанясеньня ўдараў па Ўкраіне ў асобныя пэрыяды.

10 кастрычніка 2022 году Аляксандар Лукашэнка абвясьціў аб дамоўленасьці з прэзыдэнтам РФ Уладзімірам Пуціным разгарнуць рэгіянальную групоўку войскаў на тэрыторыі Беларусі. З 15 кастрычніка Расея пачала перакідаць войскі ў Беларусь.

У студзені прайшла тыднёвая трэніроўка аб’яднанага камандаваньня «рэгіянальнай групоўкі войскаў». З пачатку 2023 году ў Беларусі пэрыядычна таксама праводзяць вучэньні тэрытарыяльных войскаў.

Вучэньні адбываюцца на фоне вайны, якую Расея вядзе супраць Украіны. У гэтай агрэсіі кіраўніцтва Беларусі падтрымлівае Крэмль, хаця беларускае войска ў баях ня ўдзельнічае. Менавіта пасьля вайсковых манэўраў у Беларусі войскі Расеі ў лютым 2022 году перасеклі мяжу, напаўшы на Ўкраіну.

Украіна актыўна ўмацоўвае паўночныя тэрыторыі, дапускаючы паўторнае ўварваньне суперніка зь Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка сустрэўся з кіраўніком данецкіх сэпаратыстаў Пушыліным, спытаў: «На фронце як у нас там справы?»