Пра гэта заявіў міністар замежных спраў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс.
Паводле яго, піша партал навінаў Delfi, паколькі санкцыі прымяняюцца не да канкрэтных груп тавараў, а да кампаній, «спыненьне магчымага абыходу санкцый застанецца складаным працэсам».
«Санкцыі накладзены на канчатковага бэнэфіцыяра, — растлумачыў міністар. — Патрэбен час, каб гэта даказаць, могуць быць судовыя працэсы, але ўстановы маюць магчымасьць паказаць, што гэта проста схема абыходу санкцый».
Калі б ЭЗ вырашыў, што краінам зьвязу нельга ўвозіць ніякія ўгнаеньні, мытні «было б нашмат прасьцей», лічыць міністар. Цяпер жа «неабходна даказаць, што кампанія створана фіктыўна, што бэнэфіцыяр не зьмяніўся».
Пытаньне ўгнаеньняў кіраўнік літоўскага замежнапалітычнага ведамства назваў «адным з самых адчувальных» у перамовах з эўрапейскімі партнэрамі:
«Мы ня толькі ня можам увесьці новыя санкцыі ў пытаньні ўгнаеньняў, дык яшчэ і паўгода на нас ціснуць з мэтай адмены гэтых санкцый».
4 траўня намесьнік міністра замежных спраў гэтай балтыйскай дзяржавы Мантас Адаменас на пасяджэньні Рады замежных спраў ЭЗ у пытаньнях супрацоўніцтва ў мэтах разьвіцьця заявіў, што Літва заклікае зьнізіць залежнасьць краін, якія сталі на шлях разьвіцьця, ад беларускіх і расейскіх угнаеньняў і стымуляваць іх да разьвіцьця альтэрнатыўных вытворчых магутнасьцяў.
«ЭЗ, зьяўляючыся адным з найбуйнейшых пастаўшчыкоў падтрымкі, можа эфэктыўна спалучаць інструмэнты вонкавага дзеяньня і дапамагаць краінам-партнэрам умацоўваць іх харчовае забесьпячэньне», — падкрэсьліў намесьнік міністра.
МЗС Літвы зазначыў, што Расея, «наўмысна зьнішчаючы» запасы збожжа Ўкраіны, блякуючы экспарт сельскагаспадарчай прадукцыі і маніпулюючы энэргарэсурсамі, нясе пагрозу даступнасьці харчоў у сьвеце.
Адначасова Расея распаўсюджвае «дэзынфармацыю аб уплыве санкцый», аказвае вялікі ціск з мэтай іх паслабленьня, «у тым ліку што да транзыту ўгнаеньняў зь Беларусі».
Краіны Балтыі і Польшча працягваюць выступаць супраць паслабленьняў, якіх дабіваюцца некаторыя сябры ЭЗ, заявіў 2 траўня пасол Літвы ў Эўразьвязе Арнольдас Пранцкявічус.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Давядзецца скарачаць штат і заробкі». Што адбываецца зь «Беларуськаліем» праз год пасьля ўвядзеньня забароны на літоўскі транзытСанкцыі супраць беларускай калійнай галіны ўведзены ў чэрвені 2021 года ў пакеце сэктаральных абмежаваньняў.
10 студзеня старшыня Эўрапейскай камісіі Ўрзуля фон дэр Ляен анансавала новыя санкцыі супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі за падтрымку вайны РФ супраць Украіны. 25 лютага ЭЗ увёў 10-ы пакет санкцый у дачыненьні да Расеі, Беларусь у ім ня згадвалася.
5 сакавіка Польшча прапанавала неадкладна ўвесьці санкцыі супраць Беларусі ў сувязі з прысудам ляўрэату Нобэлеўскай прэміі міру 2022 году, заснавальніку праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесю Бяляцкаму і «іншым апазыцыянэрам». Адпаведная прапанова была перададзена паслам эўрапейскіх краін пры ЭЗ, накіравана ў Эўракамісію і Эўрапейскую раду.
26 сакавіка Вярхоўны камісар ЭЗ у замежных справах і палітыцы бясьпекі Жузэп Бурэль заявіў, што Эўразьвяз «гатовы адказаць далейшымі санкцыямі» на разьмяшчэньне расейскай ядзернай зброі ў Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Галоўны заступнік беларускага калію — Партугалія». Рэдактар Свабоды Юзьвяк пра інсайды з Эўразьвязу і абыход санкцый