Афіцыйнае тлумачэньне наконт таго, што гэта рэалізацыя пагадненьня аб узаемным прызнаньні візаў Беларусі і РФ, выглядае недарэчным. Амбасада Беларусі ў ЗША нагадала, што пагадненьне пачне дзейнічаць з 2024 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На ўезьдзе ў Беларусь з Расеі ўвялі пашпартны кантроль, спасылаюцца на пагадненьне, якое яшчэ ня дзейнічаеУводзіць фактычны кантроль больш як за паўгода да гэтага — неяк дзіўна нават для беларускіх уладаў, надзвычай прадбачлівых наконт усялякіх абмежаваньняў.
Іншае тлумачэньне палягае ў тым, што гэта спроба Аляксандра Лукашэнкі неяк дыстанцыявацца ад Расеі, адплыць ад віру яе агрэсіўнай і авантурнай палітыкі. На фронце ў Расеі становішча цяжкое, дэмарш гаспадара ПВК «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына, які матам лаяў вайсковае кіраўніцтва РФ, сьведчыць пра тое, што адзінства ў расейскіх элітах няма; у ААН партнэры і нават саюзьнікі Масквы раптам ухваляюць рэзалюцыю з асуджэньнем палітыкі Расеі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адгарадзіцца ад непрадказальнага саюзьніка. Навошта Лукашэнка ўводзіць кантроль на мяжы з РасеяйСловам, падставы дыстанцыявацца ад Масквы, безумоўна, ёсьць. Але як пра гэта сьведчыць аднаўленьне пашпартнага кантролю? Завозу расейскіх вайскоўцаў на беларускія палігоны ён дакладна не перашкаджае; плённай супрацы беларускага ВПК з расейскім войскам — таксама; правы расейцаў у Беларусі, у тым ліку і права наведваць яе, такі крок ніяк не абмяжоўвае, хіба давядзецца пастаяць у чарзе на мяжы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка на парадзе ў Маскве быў зь перабінтаванай рукой, адмовіўся ісьці пешшу, на сьняданак не пайшоў. ФОТАЗ другога боку, падзеі (прынамсі апошніх дзён) сьведчаць пра тое, што Лукашэнку не да дыстанцыяваньня ад Расеі. Ён імгненна прымчаўся ў Маскву на сьвяткаваньне Дня Перамогі, як толькі там раптоўна зьмянілася канцэпцыя сьвяткаваньня. Паламаў уласныя пляны ўрачыстасьцяў дома, паехаў, мяркуючы па ўсім, моцна хворы, калі нават некалькі сотняў мэтраў да магілы Невядомага салдата ля крамлёўскага муру давялося пад’ехаць на машыне. Але «дыстанцыявацца» ад запрашэньня не ўдалося.
Вось Ільхам Аліеў здолеў. І зь цікавым тлумачэньнем, якое агучыў расейскі палітоляг Сяргей Маркаў, — сьвяткаваньне стагодзьдзя Гейдара Аліева, бацькі прэзыдэнта. Праўда, Гейдар Аліеў памёр 20 гадоў таму, дый дзень нараджэньня яго 10 траўня. Але Ільхам Аліеў сабе такую прычыну адмовы змог дазволіць. А Лукашэнка ніякай ня мог. Якое ўжо тут дыстанцыяваньне?
Куды больш праўдападобнай выглядае вэрсія ўвядзеньня пашпартнага кантролю, выкладзеная кіраўніком ByPol Аляксандрам Азаравым. Паводле яго, справа ў бясьпецы. Лукашэнка ня верыць у эфэктыўнасьць расейскіх спэцслужбаў.
Забойствы Дугінай, Татарскага, замах на Прылепіна, дзёрзкая атака дронамі Крамля — усё гэта, сапраўды, у тым ліку і правалы расейскіх спэцслужбаў. І калі сёньня выканаўцы гэтых апэрацый прыяжджаюць і дзейнічаюць у Расеі, то заўтра ж могуць прыехаць і ў Беларусь. І ўчыніць тое самае.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прапаганда расказала пра затрыманьне чалавека, які нібыта арганізаваў трансьляцыю зь лётнішча ў МачулішчахПра тое, што лёгіка рашэньня менавіта такая, сьведчыць расказ Лукашэнкі пра дэталі дывэрсіі ў Мачулішчах. Вось як, паводле Лукашэнкі, трапіў у Беларусь арганізатар дывэрсіі (цытую паводле БелТА): «Аляксандар Лукашэнка даручыў прысутнаму на мерапрыемстве старшыні Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі Анатолю Лапо знайсьці беларускага памежніка, які не прапусьціў тэрарыста на тэрыторыю Беларусі пад Берасьцем».
«Пад рознымі выкрутамі, сьлязьмі і плачам, што, калі ён яго не прапусьціць, бяда будзе зь ім ва Ўкраіне. Але наш хлопец малайчына. І хоць па-чалавечы можна было яго зразумець, ён яму сказаў, што ў Беларусі так не бывае: „Вы калі праедзеце ў Беларусь па ўкраінскім пашпарце (у яго два пашпарты: расейскі і ўкраінскі. — БелТА), то я вымушаны вас зафіксаваць тут“. Яму гэта ня трэба было. Ён вярнуўся ў Варшаву. Яму з Украіны далі запасны маршрут. Як я ўжо сказаў, Варшава — Лодзь — Рыга. І там ён перасек латвійска-расейскую мяжу», — агучыў падрабязнасьці беларускі лідэр.
Аляксандар Лукашэнка працягнуў: «Памежнікі расейскія, на жаль, прапусьцілі яго. Хоць не павінны былі гэта рабіць. Ён перасоўваўся па ўнутраным расейскім пашпарце. У іх ёсьць замежны пашпарт. Ён ня меў права перасоўвацца празь мяжу. Але тым ня менш пераехаў у Пскоў, затым прыехаў на аўтобусе ў Менск».
Ці так яно ўсё было, ці сапраўды асоба, пра якую гаварыў Лукашэнка, была арганізатарам дывэрсіі і наагул мела да яе дачыненьне, — ва ўсякім разе, быў агучаны наратыў: расейцы — расьцяпы, а нашы пільныя, службу ведаюць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Атака дронаў на Крэмль. Асноўныя вэрсіі: дзёрзкі выпад, правакацыя ці нешта яшчэА тут яшчэ і атака на Крэмль. Ну, праўда, як тонка пажартаваў Міхаіл Падаляк, насьміхаючыся з пуцінскіх тлумачэньняў пра Крым 2014 году — дроны ж можна купіць у любым ваенгандлі. Але ўсе ж усё разумеюць.
Учора Крэмль, а што заўтра? А мо палац Незалежнасьці? А мо Дразды? А мо яшчэ што? Сеў сабе на аўтобус у Пскове — і сустракай, Беларусь.
Таму і пашпартны кантроль — імгненная рэакцыя на атаку на Крэмль.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.