Старшыня КДБ Беларусі расказаў, з чым зьвязана ўзмацненьне кантролю на межах

Іван Тэртэль

Кіраўнік КДБ Іван Тэртэль заявіў, што КДБ нібыта «спыніў спробы ўчыненьня тэрактаў напярэдадні 9 траўня» ў Беларусі.

Тэртэль адзначыў, што праца ў гэтым напрамку вядзецца ва ўзаемадзеяньні з МУС і Памежным камітэтам Беларусі: «Вы бачыце, што мы ўзмацнілі ахову мяжы». Паводле Тэртэля, гэта была папераджальная мера, зробленая з улікам інфармацыі пра намеры «ўчыніць тэракты менавіта да 9 траўня», цытуе яго Sputnik.

«Мы затрымалі пэўную колькасьць асобаў, якія рыхтаваліся да ўчыненьня тэрактаў. І ведаем, што за гэтым стаяць спэцслужбы», — заявіў Тэртэль і паабяцаў абнародаваць падрабязную інфармацыю 10 траўня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьявілася інфармацыя пра новыя мэтады кантролю на мяжы Беларусі з Расеяй

На мінулым тыдні беларускія ўлады ўвялі пашпартны кантроль на мяжы з Расеяй, апошнімі днямі былі перакрытыя аб’язныя дарогі на мяжы з РФ.

9 траўня стала вядома, што беларусы сутыкаюцца зь нетыповым кантролем на мяжы з Расеяй: паведамлялі, што памежнікі пад запіс на відэакамэру задаюць пытаньні, зьвязаныя з пратэставымі тэмамі, у некаторых патрабуюць разблякаваць тэлефон для надгляду.

Таксама СМІ стала вядома пра дадатковы надгляд і апытаньне некаторых з тых, хто перасякае мяжу, на ўезьдзе ў Беларусь зь Літвы праз пункт пропуску Каменны Лог.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: СМІ паведамляюць пра ўзмоцненыя праверкі на ўезьдзе ў Беларусь зь Літвы

2 траўня Аляксандар Лукашэнка правёў нараду зь сілавікамі. Пасьля той нарады Іван Тэртэль заявіў:

«Мы прагназуем значную эскаляцыю абстаноўкі па пэрымэтры нашай краіны. Гэта зьвязана, па-першае, з тэмай баявых дзеяньняў на паўднёвым напрамку. З гэтым усё зараз зьвязана. І другое — не спыняюцца спробы дэстабілізаваць сытуацыю ўнутры нашай краіны. Гэта перш за ўсё цэнтры за мяжой, якія плянуюць гэтую дзейнасьць пры падтрымцы непасрэдна куратараў, у тым ліку зь ліку замежных спэцслужбаў. Плянуецца шэраг такіх сурʼёзных акцыяў на нашай тэрыторыі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзяржаўны тэлеканал паказаў фільм пра «сетку СБУ» ў Беларусі. У ім назвалі новыя імёны абвінавачаных