Людзі, якія адгукнуліся на просьбу аб дапамозе, ахвяравалі €4623 (патрабавалася 4 тысячы). Сума пойдзе на пакрыцьцё выдаткаў, зьвязаных з пахаваньнем і ўшанаваньнем памяці.
Мікалай Клімовіч меў псэўданім «Мікалай Верасень». Пад гэтым псэўданімам ён пісаў у шэрагу сацыяльных сетак. Большасьць апошніх допісаў у «Аднаклясьніках» і Facebook да ягонага арышту былі ў падтрымку Ўкраіны.
У 61-гадовага Мікалая Клімовіча была інваліднасьць у сувязі з хваробай сэрца; ён перанёс інсульт і складаную апэрацыю на сэрцы. У лютым 2023 году пінскі судзьдзя Андрэй Бычыла вырашыў, што Мікалай Клімовіч вінаваты ў «абразе Лукашэнкі» і пакараў яго годам зьняволеньня. «Абраза Лукашэнкі» — гэта смайлік у «Аднаклясьніках» пад карыкатурай Лукашэнкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Быў патрыётам Пінску, з блізкіх родных меў толькі сястру. Што вядома пра Мікалая Клімовіча, які памёр у віцебскай калёніі«Любое турэмнае зьняволеньне для мяне — гэта сьмерць, таму што я мушу быць пад сталым наглядам лекара, прымаць вялікую колькасьць моцных лекаў. Я магу ня вытрымаць нават месяца», — казаў жыхар Пінску журналістам.
За кратамі жыхар Пінску вытрываў каля двух месяцаў.
Гэта ня першая сьмерць палітвязьня ў калёніі. 21 траўня 2021 году пры нявысьветленых абставінах у калёніі ў Шклове загінуў Вітольд Ашурак. Па рашэньні суду ў Лідзе ён атрымаў 5 гадоў пазбаўленьня волі за ўдзел у пратэстах пасьля выбараў у жніўні 2020 году. У сьмерці Вітольда Ашурка ўлада не знайшла вінаватых.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Выводзілі ў дворык і білі па нагах і тулаве». Новыя падрабязнасьці гібелі Вітольда Ашурка