На Кубе адбыліся першыя за сёлета антыўрадавыя пратэсты. Улады адказалі пабіцьцём пратэстоўцаў і адключэньнем інтэрнэту

Пратэсты супраць дыктатуры на Кубе, 2021 год

Злучаныя Штаты ўжо асудзілі Гавану за праявы гвалту ў адносінах да мірнага пратэсту.

Жыхары кубінскага партовага гораду Кайманэры, разьмешчанага недалёка ад амэрыканскай вайсковай базы ў Гуантанама, паводле паведамленьняў у сацыяльных сетках, позна вечарам 6 траўня выйшлі на вуліцы, гэта першыя сёлета антыўрадавыя выступленьні на Кубе, піша Reuters.

На разьмешчаных у сацсетках відэазапісах, якімі падзяліліся кубінскія дысыдэнты і праваабарончыя арганізацыі, відаць, як людзі ў вайсковай форме і ў цывільным адзеньні ўступаюць у сутыкненьні зь дзясяткамі дэманстрантаў.

«Кубінскія сілы бясьпекі жорстка адрэагавалі на мірныя пратэсты ў горадзе Кайманэра, пабіўшы грамадзян за патрабаваньне выконваць правы чалавека, — гаворыцца ў заяве амбасады ЗША ў Гаване. — Куба таксама закрыла свой інтэрнэт... Кубінскія рэпрэсіі жорсткія і бескарысныя; свабода заўсёды атрымлівае перамогу».

Журналістка кубінскага дзяржаўнага радыё Мабэль Паса заявіла ў сацыяльных сетках, што пратэставы выступ пачаўся, калі «грамадзяне, некаторыя ў нецьвярозым стане, (сталі) выкрыкваць заявы, накіраваныя супраць сацыяльных працэсаў, якія адбываюцца на Кубе і зьяўляюцца выказваньнем незадаволенасьці».

Паса напісала, што «сілы бясьпекі і іншыя спрыялі таму, каб адгаварыць людзей, якія выйшлі на вуліцу, далучацца да пратэсту, і каб яны вярнуліся да сябе дадому».

Кубінскія дысыдэнты і ЗША даўно вінавацяць улады Кубы ў блякаваньні інтэрнэт-трафіку па ўсёй краіне, калі на востраве пачынаюцца пратэставыя выступленьні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Уцёкі з Кубы ў ЗША дасягнулі найвышэйшага паказьніка ў гісторыі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я абавязкова вярнуся, калі ў Беларусі будзе іншае неба над галавой». Вялікае інтэрвію з кубінцам, які выходзіў на пратэсты