Навіны палітвязьняў: былога прэс-сакратара Купалаўскага тэатру дапытвалі ў справе «аб дзяржздрадзе»

Мікалай Заяц, архіўнае фота

У Беларусі 1499 палітвязьняў, паводле Праваабарончага цэнтру «Вясна». Іншыя праваабарончыя ініцыятывы заяўляюць, што палітычных зьняволеных значна больш.

Пра тое, што былога прэсавага сакратара менскага Купалаўскага тэатру Мікалая Зайца дапытвалі ў справе «аб дзяржаўнай здрадзе», расказалі ягоныя сукамернікі, якія выйшлі на волю, піша Zerkalo.

Калі Мікалаю Зайцу выставяць абвінавачанне паводле ч. 1 арт. 356 («Здрада дзяржаве») КК Беларусі, яму можа пагражаць да 15 гадоў пазбаўлення волі.

Мікалая Зайца затрымалі 13 сакавіка 2023 году. 25 сакавіка ён меў выйсці на волю пасля 12 дзён арышту, але яго зноў затрымалі. Новы суд адбыўся 27 сакавіка. Зайцу прысудзілі 14 сутак па пратаколе аб дробным хуліганстве.

Заяц працаваў у Купалаўскім тэатры па сумяшчальніцтве з 2020 года. У сакавіку 2021 году яго звольнілі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вясна» абвясьціла 21 траўня Днём салідарнасьці з палітзьняволенымі Беларусі

Палітзьняволеная Ларыса Кузьменка выйшла на волю

Ларыса Кузьменка, жыхарка Гомля, была асуджаная да двух гадоў калёніі. Яе пакаралі за «гвалт ці пагрозу гвалту сілавікам затое, што нібыта падчас нядзельнага Маршу ў Гомлі ў «грубай фізычнай сілай узяла сілавіка за руку, тым самым зрушыла яго з месца і не дазволіла яму працаваць».

У Ларысы дыягнаставанае дэпрэсіўнае расстройства з сындромам кляўстрафобіі.

Тэрмін жанчына адбывала ў гомельскай калёніі № 4, адкуль нядаўна выйшла, цалкам адбыўшы тэрмін. У зьняволеньні яна адбыла амаль 1 год і 8 месяцаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Цела палітвязьня Клімовіча, які памёр у калёніі, выдадуць сваякам пасьля 10 траўня