Праваабаронцам «Вясны» стала вядома, што ў віцебскай калёніі № 3 памёр палітзьняволены блогер зь Пінску Мікалай Клімовіч.
Яго асудзілі да году калёніі за карыкатуру на Аляксандра Лукашэнку. Прысуд вынес судзьдзя Пінскага раёну і гораду Пінску Андрэй Бачыла на прапанову пракурора Ільлі Гузарэвіча. Мікалая Клімовіча асудзілі, нягледзячы на тое, што ён меў інваліднасьць II групы ў сувязі з хваробай сэрца. Яго арыштавалі ў залі суду, бо да прысуду ён быў на волі.
Мікалая нядаўна этапавалі ў віцебскую калёнію № 3, дзе ён у неўзабаве памёр. Правабаронцы спрабуюць высьветліць падрабязнасьці.
Выданьне «Медиазона» расказала, што вядома пра памерлага палітвязьня.
Мікалай Клімавіч нарадзіўся 27 верасьня 1961 году. У 1991 годзе ён скончыў Інстытут культуры ў Маскве. Клімовіч сьцьвярджаў, што там пазнаёміўся зь Леанідам Агуціным, якога ён «раскручваў» у пачатку 90-х.
У сацсетках Клімовіч расказваў, што ў канцы 80-х працаваў адміністратарам у тэлекампаніях «РТР» і «Астанкіна» ў Маскве, а з 2003-га па 2013-ы — мэнэджарам па продажах марозіва ў «Марозпрадукты», гандлёвым прадстаўніком «ЮніПрэсМаркет».
Клімовіч вёў свой блог пад псэўданімам Мікалай Верасень. Апошняя публікацыя ў блогу зьявілася за дзень да суду над блогерам — 27 лютага 2023 году. Яна была прысвечаная Сяргею Дудко — капітану 2-га рангу, які загінуў на падлодцы «Курск». Некалькі пастоў да гэтага ён пісаў пра затрыманьні беларусаў і вайну ва Ўкраіне.
У ліпені 2020 году Клімовіча шпіталізавалі ў гарадзішчанскую псыхіятрычную лячэбніцу, зь якой ён выйшаў праз 21 дзень.
«У псыхушцы ня быў ні разу і ніколі не стаяў на ўліку. Толькі там мне адзін зь лекараў намякнуў, што калі б я менш раскрываў рот у інтэрнэце, то сядзеў бы дома», — расказваў Клімовіч у інтэрвію «Першаму рэгіёну».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вясна»: У калёніі памёр палітвязень Мікалай КлімовічУ сьнежні 2022 году Клімовіча затрымалі за «антываенны пост» і даставілі ў ІЧУ, адкуль яго ў шпіталь забрала хуткая дапамога (у Клімовіча была другая група інваліднасьці па сэрцы).
Да суду, які прайшоў 10 лютага 2023 году, блогер быў на волі. Яго абвінавацілі ў распаўсюджваньні нацысцкай сымболікі. У «Однокласниках» ён паставіў рэакцыю «сьмешна» пад карыкатурай на Ўладзіміра Пуціна, намаляванага ў нацысцкай форме. Судзьдзя Андрэй Бачыла прызначыў яму штраф памерам 111 беларускіх рублёў.
28 лютага над Клімовічам адбыўся яшчэ адзін суд. На гэты раз яго судзілі паводле крымінальнага артыкулу. Судзьдзя Андрэй Бачыла прыгаварыў Клімовіча да году калёніі па артыкуле аб абразе Лукашэнкі. Як пішуць праваабаронцы, нагодай стаў сатырычны малюнак, які ён разьмясьціў на асабістай старонцы ў сацыяльнай сетцы.
«Я спадзяваўся, і шмат хто, што прысуд абмяжуецца „хатняй хіміяй“ (абмежаваньне волі па месцы жыхарства). Але пракурор запрасіў год калёніі агульнага рэжыму», — расказаў агенцтву BPN Клімовіч перад вынясеньнем прысуду.
Гэта, паводле абвінавачанага, «быў для ўсіх шок», улічваючы стан ягонага здароўя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вясна»: Палітзьняволеную Вікторыю Кульшу ў зарэчанскай калёніі зьбіваў і душыў наглядчыкПадчас працэсу адвакат расказаў пра стан здароўя падабароннага, падкрэсьліўшы небясьпеку турэмнага тэрміну для яго.
«Любое турэмнае зьняволеньне для мяне — гэта сьмерць, таму што я павінен быць пад сталым наглядам лекара, прымаць вялікую колькасьць моцных лекаў. Я магу ня вытрымаць нават месяца», — заяўляў тады сам Мікалай Клімовіч.
7 траўня стала вядома, што Мікалай Клімавіч памёр у калёніі ва ўзросьце 61 год. Дзяжурны ў калёніі адказаў журналісту «Медиазоны», што ніякай інфармацыі па тэлефоне прадставіць ня можа. Адзін са знаёмых Клімовіча паведаміў «Медиазоне», што цела блогера змогуць забраць толькі пасьля 10 траўня з прычыны вялікіх выходных.