Масавая страляніна ў Тэхасе. Нападнік застрэліў 8 чалавек

Ілюстрацыйнае фота

Чарговая трагедыя ў Злучаных Штатах адбылася ў гандлёвым цэнтры. Колькасьць выпадкаў масавай страляніны сёлета набліжаецца да дзьвюх сотняў.

Трагедыя адбылася ў прыгарадзе Даласу Алене ў гандлёвым цэнтры. Страляніну адкрыў мужчына, ён забіў 8 чалавек і параніў 7, пасьля чаго яго застрэліў паліцыянт, які быў непадалёк і пачуў стрэлы. Была інфармацыя пра тое, што стралкоў было двое, але затым паліцыя адзначыла, што, найімаверней, злачынец дзейнічаў сам, без напарніка, піша CNN.

Нападнік страляў з паўаўтаматычнай вінтоўкі тыпу AR-15. На ім была бронекамізэлька.

Матывы злачынцы невядомыя.

Спачатку параненых было 9 чалавек, але двое затым сканалі ў шпіталі ад атрыманых раненьняў. Трое знаходзяцца ў крытычным стане, яшчэ чацьвёра — у стабільным.

Гэта 199-ы па ліку напад з ужываньнем агнястрэльнай зброі ў ЗША толькі сёлета, падчас якога застрэлены чацьвёра і больш чалавек, ня лічачы стралка, адзначыў праект Gun Violence Archive.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Восем чалавек загінулі ў другой масавай страляніне за некалькі дзён у Сэрбіі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У ЗША ў выніку страляніны ў школе загінулі 6 чалавек. Нападніцу забілі