Расейскі зьнішчальнік Су-35 перахапіў польскі самалёт L410 Turbolet над Чорным морам, паведаміла Міністэрства абароны Румыніі, асудзіўшы «агрэсіўныя паводзіны» Масквы. Інцыдэнт здарыўся 6 траўня.
Па дадзеных ведамства, L410 Turbolet польскай памежнай паліцыі разам з румынскай памежнай паліцыяй праводзіў патруляваньне ў міжнароднай паветранай прасторы над Чорным морам пад эгідай памежнай службы ЕС Frontex. Прыкладна ў 13.20 па мясцовым часе (супадае з маскоўскім) за 60 км на ўсход ад паветранай прасторы Румыніі яго перахапіў расейскі Су-35.
«Агрэсіўныя і небясьпечныя манэўры», якія неаднаразова выконваліся расейскім зьнішчальнікам у непасрэднай блізкасьці ад польскага самалёта, выклікалі «высокі ўзровень турбулентнасьці і сур’ёзныя цяжкасьці ў кіраваньні ім», гаворыцца ў паведамленьні.
Самалёты ВПС Румыніі і Гішпаніі прыйшлі ў стан трывогі. У сувязі зь дзеяньнямі расейскіх пілётаў Аб’яднаны цэнтар паветраных апэрацый NATO ў Тарэхоне прывёў у стан трывогі два баявыя самалёты вайскова-паветраных сіл Румыніі і два самалёты ВПС Гішпаніі, але іх умяшаньне не спатрэбілася. Польскі самалёт здолеў выраўняцца «пасьля першапачатковай страты вышыні», выкліканай манэўрамі Су-35, і прызямліўся ў аэрапорце імя Міхаіла Кагэлнічану прыкладна ў 13.50. Ніхто з членаў польскага экіпажу не пацярпеў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Польшчы пачаліся самыя маштабныя вайсковыя вучэньні годуУ Бухарэсьце адзначылі, што «гэты інцыдэнт зьяўляецца яшчэ адным сьведчаньнем правакацыйнага падыходу Расейскай Фэдэрацыі ў Чорным моры». Румынскія ўлады знаходзяцца ў кантакце з Frontex і ўладамі Польшчы для высьвятленьня ўсіх абставін інцыдэнту.
Масква пакуль ніяк не камэнтавала гэтую інфармацыю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сытуацыя для нас пагоршылася пасьля пачатку расейскай агрэсіі». Студэнт зь Беларусі пра асаблівасьці жыцьця ў Румыніі