Праваабаронцам «Вясны» паведамілі, што 5 траўня на працоўным месцы затрымалі рэдактара гомельскага радыё і журналіста Сяргея Краснабарода і яшчэ трох супрацоўнікаў радыё — вядоўцаў радыё Жанну Мініну і Анастасію Грыцэнку, гукарэжысэра Арцёма Васількова.
Учора ў судзе Цэнтральнага раёна Гомля ўсіх чатырох затрыманых судзілі паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Іх справы разглядалі судзьдзі Сяргей Сакалоўскі, Віктар Казачок, Сяргей Кармановіч, Алеся Осіпава.
Праваабаронцам вядомы толькі вынік суда Сяргею Краснабароду — 15 дзён арышту за падпіску на «экстрэмісцкі» тэлеграм-канал. Ён знаходзіцца ў мясцовым ізалятары часовага ўтрыманьня. Лёс іншых затрыманых пакуль не вядомы.
Як заўважылі праваабаронцы, профілі супрацоўнікаў ужо выдалілі з сайта дзяржаўнага радыё.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 5 траўня: судзяць вэб-дызайнэра Глеба КойпішаВязьням, якіх утрымліваюць пад вартай у СІЗА, забаранілі перадаваць і дасылаць лекі
Некалькі дзён сваякі зьняволеных, якіх утрымліваюць у розных сьледчых ізалятарах і турмах, былі занепакоеныя тым, што ў іх не прымаюць мэдыцынскія перадачы, а мэдыцынскія бандэролі вяртаюцца назад.
Цяпер праваабаронцам «Вясны» стала вядома, што, паводле новага ўказаньня ДВП ад 29 красавіка 2023 году, вязьням, якіх утрымліваюць пад вартай, дазволена перадаваць толькі вітамінна-мінэральныя комплексы (ня больш за адну ўпакоўку) і інсулін замежнай вытворчасьці. Іншыя мэдыкамэнты нібыта ёсьць у наяўнасьці ў мэдычных частках ізалятараў, таму перадаваць іх ці адпраўляць бандэрольлю забаронена.
Афіцыйна пра такія зьмены нідзе не паведамлялі.
Праваабаронцы адзначаюць, што палітвязьням амаль не надаюць неабходную мэдыцынскую дапамогу ў месцах зьняволеньня, таму мэдыцынскія перадачы былі для сваякоў адзіным спосабам дапамагчы блізкаму.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 4 траўня: у Менску затрымалі стваральніка рэйв-праекту «Мара», у Гомлі судзяць бармэнаУ Сяньне за «пікет у інтэрнэце» аштрафавалі вучня 11 клясы, але пастанову суду адмянілі
Судзьдзя суду Сеньненскага раёну Іна Досава 31 сакавіка за правядзеньне пікету ў інтэрнэце аштрафавала на 74 рублі непаўналетняга выпускніка Сярэдняй школы №2, сябра БРСМ, кандыдата ў майстры спорту па барацьбе ў грэка-рымскім стылі Сьцяпана Падрэза, паведамляюць праваабаронцы «Вясны».
Паведамляецца, што пастанова была прынята з грубым парушэньнем заканадаўства і была адменена старшынём Віцебскага абласнога суду, бо справы аб адміністрацыйных правапарушэньнях, учыненых непаўналетнімі, павінна разглядаць камісія па справах непаўналетніх Сеньненскага райвыканкаму, а ня суд.
У хуткім часе адміністрацыйную справу Падрэза мае разглядаць раённая камісія па справах непаўналетніх.
Арыштаваная выкладчыца МДЛУ Натальля Жлоба
Як піша «Наша Ніва», арышт адбыўся ў канцы сакавіка, і з таго часу выкладчыца Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўнівэрсытэту знаходзіцца ў СІЗА.
Паводле выданьня, дакладная прычына затрыманьня, як і нумар крымінальнага артыкулу пакуль што невядомыя, але гаворка пра палітычную справу.
Натальля Жлоба працавала на катэдры замежнай літаратуры факультэту ангельскай мовы.