Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 4 траўня: у Менску затрымалі стваральніка рэйв-праекту «Мара», у Гомлі судзяць бармэна

абноўлена

Павал Данкоў
Павал Данкоў

Палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца.

Сілавікі затрымалі Паўла Данкова aka Morgotika — стваральніка культавага менскага рэйв-праекту «Мара». Яго абвінавачваюць у ахвяраваньнях у фонды салідарнасьці і падпісках на «экстрэмісцкія» рэсурсы, піша Citydogby.

У Гомлі пачалі судзіць паводле пратэставых артыкулаў бармэна «Кватэрніка» Глеба Вятошкіна

Глеба Вятошкіна абвінавачваюць у распальваньні іншай сацыяльнай варожасьці (ч. 1 арт. 130 КК), а таксама па «народным» артыкуле 342, ч. 1 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо ўдзел у іх), паведамляе «Вясна».

У Докшыцах падчас уроку ў школе № 1 затрымалі настаўніцу Марыну Корду

«За лайкі», — напісаў у Facebook аб прычыне затрыманьня Марыны Корды грамадзкі актывіст і краязнаўца Кастусь Шыталь.

Таксама ён удакладніў, што разам зь ёй затрымалі і Вікенція Корду, былога фізрука школы №1, мужа Марыны Корды.

Улады заблякавалі доступ да выданьня «Інтэкс-прэс»

Пракурор Берасьцейскай вобласьці вынес пастанову аб абмежаваньні доступу да інтэрнэт-рэсурсу intex-press.by. На мінулым тыдні сайт і сацсеткі баранавіцкага выданьня былі прызнаныя «экстрэмісцкімі».

Падчас фэйкавай рассылкі ГУБАЗіК затрымаў стваральніка базы фота беларускіх будынкаў

Як вынікае з сюжэту АНТ, менскага інжынэра Ўладзімера Фішмана спрабуюць абвінаваціць у перасылцы архіўных здымкаў, якія ёсьць у адкрытым доступе, паведамляе «Наша Ніва».

Наколькі вядома, мужчыну затрымалі ці ўвечары 20 красавіка, ці ранкам 21-га.

Уладзімер цікавіцца гарадзкой забудовай і архітэктурай каля 20 год. Ён стварыў унікальную базу з тысячамі фатаздымкаў розных будынкаў у Беларусі і па-за яе межамі — photobuildings.com (раней domofoto.ru).

У відэа, якое паказалі на АНТ, Уладзімер расказвае, што нібыта зарэгістраваўся ў чаце пляну «Перамога», а ў лістападзе 2022 году зь ім нібыта зьвязаўся Аляксандар Азараў.

У кадры паказваецца скрын перапіскі ў вайбэры зь невядомым карыстальнікам, дзе той пытаецца пра час стварэньня старога кальца тралейбуснага маршруту № 57 у Менску. На гэта Ўладзімер адказвае, што на тым месцы па вуліцы Шаранговіча было проста неаранае поле, прыкладаючы спадарожнікавы здымак 1984 году, дзе бачна НВА «Цэнтар».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG