Як паведамляецца ў сюжэце, заснавальніцу сеткі Алу Хадасевіч і яе нявестку Іну Хадасевіч затрымалі, а сын Алы Пётр Хадасевіч зьехаў у Латвію.
Сьцьвярджаецца, што яны былі фактычнымі ўладальнікамі 13 афіляваных паміж сабой фірмаў, кіраўнікамі якіх былі сваякі ці знаёмыя Хадасевічаў. Яны займаліся продажам ужываных тавараў і прымянялі спрошчаную схему падаткаабкладаньня. Як заявілі ва ўпраўленьні ДФР па Менску, «неабгрунтаванае выкарыстаньне спрошчанай сыстэмы падаткаабкладаньня дазваляла прадаваць насельніцтву краіны тавар з нацэнкай вышэй за 200%, пры гэтым хаваць звышпрыбытак ад падаткаў».
З 2019 па 2022 год ўладальнікі сеткі «МодаМакс» нібыта не заплацілі ў бюджэт падатак на прыбытак і падатак на дабаўленую вартасьць у суме больш за 2 мільёны беларускіх рублёў, сьцьвярджае начальнік УДФР КДК па Менскай вобласьці і Менску Дзьмітры Дзягілеў. На іх завялі крымінальную справу за «ўхіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры» (ч. 3 арт. 243 КК).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беллегпрам» прапанаваў забараніць сэканд-хэндам прадаваць новыя рэчыТаксама Пётр Хадакевіч нібыта арганізаваў сетку афшорных кампаній у Латвіі, Польшчы і Вялікай Брытаніі. З 2011 па 2023 гады на замежныя рахункі было пералічана амаль 60 млн даляраў, сьцьвярджаецца ў сюжэце.
Акрамя падаткаў, праваахоўнікаў зацікавілі палітычныя погляды сямʼі. СТВ заяўляе, што Хадасевічы хадзілі на пратэсты ў 2020 годзе, былі падпісаныя на «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы, пералічвалі грошы ў «дэструктыўныя» фонды, закрывалі крамы раней у дні пратэстаў і звальнялі або дэпрэміравалі супрацоўнікаў-«патрыётаў».
Тэлеканал заяўляе, што затрыманыя цалкам прызналі віну, раскайваюцца і гатовы пакрыць урон.
Працу крамаў «МодаМакс» улады не прыпынялі, бо ў штаце кампаніі «больш за 1 000 супрацоўнікаў, у кожнага з іх ёсьць семʼі і дзеці».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы: за 1000 дзён пасьля выбараў 2020-га ў Беларусі арыштавалі 38 тысяч чалавек ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Час сэканд-хэнд». Чаму ў Беларусі расьце імпарт ужыванай вопраткі і ці будуць зь ім змагацца