Праз Пачобута Варшава не спыняе кантакты з афіцыйным Менскам, — прадстаўнік польскага МЗС

Анджэй Пачобут, архіўнае фота

Польская дыпляматыя мае вельмі абмежаваны кантакт з Анджэем Пачобутам, але яна робіць усё для яго вызваленьня, заявіў афіцыйны прадстаўнік МЗС Лукаш Ясіна 5 траўня ў эфіры радыёстанцыі RMF FM.

Па словах Ясіны, у Пачобута «ня лепшы стан здароўя», ён «пакутуе ў турме», але ён «вельмі адважны чалавек».

«Мы робім усё для яго вызваленьня, але гэтага недастаткова, таму што пакуль мы ня ў стане выцягнуць яго з турмы. Праз Анджэя Пачобута мы не закрываем каналы сувязі зь Менскам, шмат гаворым пра гэта на міжнародным узроўні. Больш складана нашкодзіць таму, пра каго ведае ўвесь сьвет, каго не забылі ў турме», — падкрэсьліў прадстаўнік польскага зьнешнепалітычнага ведамства, якога цытуе BPN.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Чалавек са сталі», аскетычны ў турэмным жыцьці, іграў панк-рок. 8 фактаў пра палітвязьня Анджэя Пачобута, якому споўнілася 50 гадоў

Ён зазначыў, што вельмі абмежаваны кантакт з Пачобутам абумоўлены тым, што ён грамадзянін Беларусі, і ўлады ў гэтым пляне «строга выкарыстоўваюць мясцовае заканадаўства».

Камэнтуючы вызваленьне лідэркі непрызнаванага ўладамі Саюзу палякаў Беларусі Анжалікі Борыс, прадстаўнік польскага МЗС адзначыў, што «гэта быў крыху больш працяглы працэс» і што ён не хацеў бы «ўскладаць непатрэбныя надзеі» на вызваленьне Пачобута «ў гэты момант».

4 красавіка стала вядома, што справа Борыс была закрытая ў сувязі з адсутнасьцю складу злачынства.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Анжаліка Борыс дала першае інтэрвію пасьля СІЗА, хатняга арышту і спыненьня справы супраць яе

«Аддаю перавагу таму, каб аб магчымым вызваленьні Пачобута было абвешчана толькі тады, калі яно адбудзецца. Таму што неабгрунтаваная надзея была б падобная да здрады Анджэю Пачобуту і нанясеньня шкоды яго блізкім», — заявіў Ясіна.

Журналіста Анджэя Пачобута 8 лютага Горадзенскі абласны суд прыгаварыў да васьмі гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.

10 лютага Польшча на нявызначаны тэрмін заблякавала адзін з двух даступных для падарожнікаў пунктаў пропуску — Баброўнікі, што значна пагоршыла ўмовы транзыту вялікагрузных аўтамабіляў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МУС Польшчы: «Як толькі Пачобута вызваляць, назаўтра мы адкрыем пераход „Баброўнікі“»

23 сакавіка міністар унутраных справаў Польшчы Марыюш Каміньскі заявіў, што калі Пачобута «заўтра адпусьцяць, памежны пераход у Баброўніках будзе адкрыты пасьлязаўтра».

31 сакавіка, выступаючы са штогадовым пасланьнем, Аляксандар Лукашэнка заявіў, што гатовы абмяняць Пачобута толькі на ўвесь склад «Нацыянальнага антыкрызіснага ўпраўленьня» Паўла Латушкі.