Горадзенскага вэб-дызайнэра Койпіша судзяць у Мазыры
5 траўня суд Мазырскага раёну пачаў разглядаць справу палітзьняволенага дырэктара горадзенскай студыі вэб-дызайну «Іквадарт» Глеба Койпіша аб замене яму рэжыму адбыцьця пакараньня на больш строгі, піша «Гомельская вясна». Справу разглядае судзьдзя Анатоль Стрэльчанка.
Койпіш павінен выйсьці на волю ў жніўні 2023 году, цалкам адбыўшы прызначанае яму пакараньне ў выглядзе двух гадоў «хіміі».
Глеба Койпіша затрымалі 25 жніўня 2021 году ў Горадні. Дома ў яго, а таксама ў студыі, правялі ператрус. Яго абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу). 9 сьнежня суд Ленінскага раёну Горадні вынес яму прысуд: два гады абмежаваньня волі з накіраваньнем ва ўстанову адкрытага тыпу. 14 сакавіка 2022 году Глеб пачаў адбываць пакараньне ў Мазыры, у ПУАТ № 21.
МУС 28 кастрычніка 2022 году ўключыў палітзьняволенага ў «Пералік асобаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасьці».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Асуджаны на «хімію» дырэктар вэб-студыі: «Пэрсанал турмы пераходзіў са мной на беларускую мову» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы: за 1000 дзён пасьля выбараў 2020-га ў Беларусі арыштавалі 38 тысяч чалавек