Праўладная партыя «Белая Русь» і «Россотрудничество» абмеркавалі «дапамогу Данбасу», заявіў Алег Раманаў.
Паводле яго, у плянах «арганізаваць узаемныя абмены», а таксама «прыём у Беларусі дзяцей з Данбасу».
Кіраўнік прадстаўніцтва «Россотрудничества» ў Беларусі Юрый Макушын сказаў, што «некаторыя праекты ў дапамозе Данбасу ўжо ажыцьцяўляюцца».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэжым Лукашэнкі дапамагае Расеі красьці ўкраінскіх дзяцей, — амбасадар ЗША ў АБСЭ24 красавіка праўладны беларускі «грамадзкі дзеяч» Аляксей Талай паведаміў, што па даручэньні Лукашэнкі больш за тысячу дзяцей і падлеткаў з акупаваных тэрыторый Украіны прымуць у дзіцячы лягер «Дубрава» ў Салігорскім раёне Менскай вобласьці ў красавіку–траўні. У Беларусі ўжо 350 дзяцей з гэтых рэгіёнаў.
24 красавіка ў Беларусь з акупаванай часткі Запароскай вобласьці прывезьлі 100 дзяцей. Пра гэта раней у эфіры беларускага тэлеканалу «СТВ» заявіў прадстаўнік акупацыйнай запароскай адміністрацыі Ўладзімер Рогаў.
27 красавіка член украінскай дэлегацыі ў ПАСЭ, дэпутат Вярхоўнай Рады Аляксей Ганчарэнка паведаміў, што ПАРЭ падтрымала яго папраўку да рэзалюцыі, якая прызнае Аляксандра Лукашэнку саўдзельнікам гвалтоўнай дэпартацыі дзяцей і дарослых з акупаваных тэрыторый Украіны.
5 траўня Майкл Карпэнтэр, амбасадар ЗША ў Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе, заявіў на брыфінгу ў Брусэлі, што рэжым Лукашэнкі — саўдзельнік Расеі ў агрэсіўнай вайне ня толькі таму, што дазволіў скарыстаць тэрыторыю Беларусі для нападу на Ўкраіну і сваю інфраструктуру — для навучаньня і аднаўленьня расейскіх войскаў, але і таму, што ў Беларусь вязуць дзяцей, гвалтоўна дэпартаваных з акупаваных украінскіх тэрыторый.
Паводле Карпэнтэра, накіраваньне ўкраінскіх дзяцей у дзіцячыя лягеры на акупаваных тэрыторыях, а таксама на тэрыторыі Расеі і Беларусі, — гэта адзін з спосабаў, якім расейскія ўлады забіраюць дзяцей зь сем’яў.
Амбасадар ЗША, цытуючы справаздачу АБСЭ, таксама падкрэсьліў, што ўкраінскіх дзяцей часта гвалтоўна аддзяляюць ад бацькоў падчас так званага «працэсу фільтрацыі». Бацькоў адпраўляюць у адны фільтрацыйныя лягеры, а дзяцей — у іншыя. Тым дзецям, якіх перадаюць у расейскія семʼі, часта мяняюць імёны, прозьвішчы і нават месца нараджэньня, што робіць немагчымым вызначыць іх сапраўдную ідэнтычнасьць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзеці наўзамен на адмену санкцыяў? Праца на шахтах у Салігорску замест звольненых рабочых? Што вядома пра вываз украінскіх дзяцей у Беларусь