У «Белпошце» расказалі, зь якіх краін нельга атрымаць лістоў і пасылак з прычыны санкцыяў

Беларуская пошта, ілюстрацыйнае фота

Зь Беларусі цяпер нельга адправіць лісты ў Фінляндыю і ва Ўкраіну, адтуль яны таксама ня прыйдуць, паведаміла гендырэктар «Белпошты» Сьвятлана Юркевіч, піша Sputnik Беларусь.

Таксама абмежаваньні ёсьць і па ЗША. «ЗША часткова... Мы туды адпраўляем, а да нас яны не прымаюць», — дадала Юркевіч.

Паводле яе, раней санкцыі шэрагу краінаў у дачыненьні да Беларусі стварылі праблемы для лягістыкі «Белпошты», але цяпер маршруты адпраўкі і атрыманьня карэспандэнцыі перастроілі. Праз гэта некаторыя адпраўленьні могуць ісьці даўжэй. У тым ліку гэта адбываецца праз замену авіяперавозак на аўтаперавозкі.

Улетку 2022 году ў «Белпошты» ўзьніклі праблемы з адпраўкай карэспандэнцыі за мяжу пасьля таго, як Асацыяцыя эўрапейскіх паштовых апэратараў PostEurop прыпыніла сяброўства «Белпошты» і «Пошты Расеі». У той жа час «Белпошта» захавала сяброўства ў Сусьветным паштовым зьвязе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці даходзіць у Беларусь пошта зь іншых краін?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Белпошта» ўвяла плату ў 15% за буйныя міжнародныя пераводы
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Белпошту» і «Пошту Расеі» выключылі з Асацыяцыі эўрапейскіх паштовых апэратараў