Дрон зноў атакаваў нафтаперапрацоўчы завод на Кубані. Ён ужо гарэў пасьля такой атакі

Пажар на рэзэрвуары Ільскага нафтаперапрацоўчага заводу ў Краснадарскім краі ў ноч на 4 траўня

Раніцай 5 траўня бесьпілётнік зноў ударыў па Ільінскім нафтаперапрацоўчым заводзе ў Краснадарскім краі, пасьля чаго пачаўся пажар.

Пра гэта паведамілі тэлеграм-канал Baza і ТАСС.

У адміністрацыі Краснадарскага краю пазьней паведамілі, што ва ўпраўленьне МНС паведамленьне аб здарэньні паступіла ў 8:38. Пацярпелых няма, пэрсанал быў эвакуаваны. Плошча пажару склала 60 квадратных мэтраў. Цяпер яго лякалізавалі і зьліквідавалі адкрытае гарэньне. Прычыны ўзьнікненьня пажару высьвятляюцца.

«Супрацоўнікі НПЗ кажуць, што дывэрсанты падарвалі пятую ўстаноўку пры дапамозе самаробнай выбуховай прылады», — сьцьвярджае тэлеграм-канал Mash. Паводле інфармацыі выданьня, іх затрымалі. Афіцыйнага пацьверджаньня гэтай інфармацыі пакуль няма.

Ноччу 4 траўня бесьпілётнікі ўжо нанесьлі ўдар па рэзэрвуары Ільскага нафтаперапрацоўчага заводу, ад чаго здарыўся пажар, які патушылі за некалькі гадзін.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі зноў пажары на НПЗ пасьля атак бесьпілётнікаў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея атакавала Адэсу і Кіеў дронамі-камікадзэ