Амэрыканская выведка: «Ужываньне Масквой ядзернай зброі малаімавернае»

Дырэктарка Нацыянальнай выведкі ЗША Эўрыл Хэйнс, архіўнае фота

Расея наўрад ці прыменіць ядзерную зброю, нягледзячы на пагрозы, якія гучалі ў мінулым з боку Крамля, і цяжкія страты, якія нясе Масква падчас уварваньня ва Ўкраіну, заявіла дырэктарка Нацыянальнай выведкі ЗША Эўрыл Хэйнс падчас слуханьняў у сэнацкім Камітэце па ўзброеных сілах.

«Гэта вельмі малаімаверна, такая наша цяперашняя ацэнка», — сказала Эўрыл Хэйнс, яе цытуе «Голас Амэрыкі».

Кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін неаднаразова папярэджваў, што Масква гатова выкарыстоўваць свой ядзерны арсэнал для абароны сваёй «тэрытарыяльнай цэласнасьці».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінабароны: беларускія ракетчыкі адпрацавалі ўжываньне тактычнай ядзернай зброі на расейскім палігоне
  • У лютым Пуцін абвясьціў, што Расея прыпыняе ўдзел у дамове СНУ-3, апошняй пакінутай дамове аб ядзерных узбраеньнях паміж ЗША і Расеяй, што абмяжоўвае колькасьць стратэгічных боегаловак, якія можа разьмясьціць кожны бок.
  • Амэрыканскія афіцыйныя асобы на працягу некалькіх месяцаў заяўлялі, што ня бачаць прыкметаў таго, што Расея рыхтуецца прымяніць ядзерную зброю, але пры гэтым падкрэсьлівалі, што захоўваюць пільнасьць.
  • 25 сакавіка Пуцін заявіў, што Расея рыхтуецца разьмясьціць тактычную ядзерную зброю ў Беларусі. Намесьнік дзяржсакратара Вэндзі Шэрман назвала гэтую заяву «яго спробай выкарыстаць гэтую пагрозу кантраляваным чынам».
  • 3 траўня ў Маскве заявілі, што Ўкраіна спрабавала нанесьці ўдар бесьпілётнікамі па Крамлі і што гэта расцэньваюць як «сплянаваную тэрарыстычную акцыю і замах на прэзыдэнта Расеі» і прыгразілі дзеяньнямі ў адказ. У Кіеве адпрэчылі датычнасьць да атакі. Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен заявіў, што словы Масквы пра «замах на Пуціна» трэба ўспрымаць зь вялікай доляй крытычнасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Белы Дом адказаў на абвінавачаньні з боку Масквы ў датычнасьці ЗША да атакі дронаў на Крэмль