У Літве беларусам найчасьцей адмаўляюць у ДНЖ — дзеля дзяржаўнай бясьпекі. Кіраўніца літоўскай міграцыйнай службы Эвеліна Гудзінскайце расказала, зь якімі цяжкасьцямі сутыкаюцца беларусы пасьля пераезду.
«Большасьць беларусаў едуць у Літву па працу»
У Літву ў большасьці выпадкаў беларусы прыяжджаюць працаваць, і гэта не айцішнікі ці актывісты, а людзі рабочых спэцыяльнасьцяў. Пра гэта Свабодзе расказала дырэктарка Дэпартамэнту міграцыі пры МУС Літвы Эвеліна Гудзінскайце.
«Большасьць беларусаў прыяжджаюць у Літву працаваць. Сёлета з эканамічных прычынаў часовы дазвол на жыхарства атрымалі 6 тысяч беларусаў, а з гуманітарных прычынаў — толькі 235 чалавек. Большасьць прыяжджае працаваць на будоўлю ці кіроўцам. Калі мы возьмем сярэдні партрэт, то гэта будзе мужчына 37 гадоў, сям’я ў Беларусі, а ён працуе дальнабойнікам. Калі ў Беларусі пачаўся палітычны крызіс, то стала прыяжджаць болей высокакваліфікаваных работнікаў, але большасьць — гэта ўсё адно рабочыя», — кажа Эвеліна Гудзінскайце.
Паводле кіраўніцы дэпартамэнту, на пачатак 2023 году ў Літве стала жылі 48 804 беларусы. Тры гады таму іх было 17 769. Гэта значыць, з 2020 году ў Літву на сталае жыхарства пераехалі сама меней 31 035 грамадзян Беларусі. Гэта без уліку тых, хто жыве ў Літве, маючы візу, а не дазвол на жыхарства.
Адна з праблем, зь якой сутыкаюцца беларусы пры падачы дакумэнтаў у літоўскі Дэпартамэнт міграцыі — тэрміны. Бывае, што дакумэнты падаюць ня ў час, гаворыць Эвеліна Гудзінскайце. Пакуль такія сытуацыі завяршаліся папярэджаньнем.
«Адна з праблемаў — калі людзі забываюць, што трэба сачыць за тэрмінамі знаходжаньня. Бывае, у міграцыю зьвяртаюцца, калі тэрмін часовага дазволу на жыхарства ці візы ўжо заканчваецца. Трэба падаваць такія дакумэнты загадзя. Другая праблема — гэта даведка аб несудзімасьці і апастыль, бо ў консульствах вялікія чэргі. У апошнюю хвіліну гэта зрабіць цяжка. За парушэньне гэтых тэрмінаў пакуль былі толькі папярэджаньні», — дзеліцца досьведам кіраўніца дэпартамэнту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Літве распавялі, колькі беларусаў не легалізаваліся, бо падтрымалі вайну ва Ўкраіне ці прызналі Крым расейскімДругія пасьля ўкраінцаў
Цяпер беларусы ў Літве складаюць другую групу па колькасьці эмігрантаў, гавораць у Дэпартамэнце міграцыі. На першым месцы — эмігранты з Украіны. З пачатку вайны ў міграцыйнай службе Літвы зарэгістравалі 78 тысяч украінцаў. На канец красавіка ў Літве засталіся 44 тысячы зь іх.
У рэдкіх выпадках беларусам адмаўляюць у атрыманьні дазволу на жыхарства, гэта найчасьцей зьвязана з пытаньнямі бясьпекі, кажа літоўская чыноўніца.
«Тысячы беларусаў атрымліваюць дазволы на жыхарства, адмова была толькі 331. Гэта было праз пагрозы для краіны. У тым ліку праз адказы ў анкеце, якую трэба запаўняць пры падачы дакумэнтаў. Некаторыя апраўдвалі дзеяньні Расеі. Некаторыя складанай мовай спрабуюць нешта тлумачыць», — гаворыць Эвеліна Гудзінскайце.
Па яе словах, з 2020 году 155 беларусаў падаліся на грамадзянства ў Літве. Летась яго атрымалі 32 беларусы. Цяпер міграцыйная служба плянуе выпусьціць праграму для смартфона, таксама там думаюць над тым, каб перавесьці большасьць дакумэнтаабароту ў электронны фармат.
Плынь эміграцыі зь Беларусі ў Літву ўвесь час расьце, зазначае кіраўніца міграцыйнага дэпартамэнту.
«Паток эміграцыі не зьмяншаецца, ён расьце. Гэта зьвязана і з вайной, аднак расьце і наша эканоміка, працадаўцам у Літве патрэбна працоўная сіла. Беларусы блізкія нам мэнталітэтам, тым, як мы ставімся да працы, таму нашы працадаўцы любяць наймаць беларусаў», — даводзіць Эвеліна Гудзінскайце.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прадстаўніца Эўракамісіі пра Беларусь: «Ад 2020 году не было іншай краіны, дзе мы б так падтрымлівалі грамадзянскую супольнасьць»