Дзьве запар дывэрсіі ў адным рэгіёне побач зь беларускай мяжой і пры ўдзеле беларускай лякаматыўнай брыгады падштурхнулі ўлады ў Менску ўвесьці на Беларускай чыгунцы (БЧ) дадатковыя захады бясьпекі. На ахову чыгуначнай інфраструктуры Беларусі накіравалі дадатковыя рэсурсы, паведамляе «Супольнасьць чыгуначнікаў Беларусі», якая займаецца расьсьледаваньнямі падзей на чыгунцы і здабывае эксклюзіўную інфармацыю з БЧ.
Паводле супольнасьці, цяпер работнікаў чыгункі дадаткова інфармуюць аб патрэбе пільнасьці, інструктуюць іх паведамляць аб прысутнасьці паблізу каляін староньніх або падазроных асоб, апісваюць магчымыя прыкметы, па якіх трэба вызначаць патэнцыйнага дывэрсанта. За выяўленьне падобных асоб прапануюць узнагароджаньне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Бранскай вобласьці Расеі зноў дывэрсія на чыгунцыДля аховы задзейнічаюць сілы войскаў ад памежнікаў да сіл спэцыяльных апэрацый. Яны кантралююць чыгуначныя каляіны, прылады сыгналізацыі і сувязі на перагонах, пуцеправоды і бліжэйшыя аб’екты. Асаблівая ўвага — бясьпецы чыгуначных мастоў і выключэньню магчымасьці доступу пабочных асоб да іх.
Таксама патрулююць тыя ўчасткі, дзе немагчыма ажыцьцяўляць дыстанцыйны кантроль сродкамі відэаназіраньня, аглядаюць каляіны — ці няма пабочных прадметаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьявіліся новыя дэталі дывэрсіі на чыгунцы на Браншчыне: было тры выбухі; беларусы, што кіравалі цягніком, не пацярпелі