У Маскве заявілі, што Ўкраіна спрабавала нанесьці ўдар бесьпілётнікамі па Крамлі. У Кіеве адпрэчылі

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін. Архіўнае фота

Мясцовыя жыхары паведамлялі, што ў раёне Крамля мінулай ноччу раздаліся два выбухі.

Украіна гэтай ноччу нібыта паспрабавала нанесьці ўдар бесьпілётнікамі па Крамлі, заявіла прэс-служба прэзыдэнта Расеі. Згодна з заявай, пацярпелых у выніку гэтай спробы налёту няма:

«Крэмль расцэньвае спробу ўдару кіеўскім рэжымам як сплянаваную тэрарыстычную акцыю і замах на прэзыдэнта Расеі напярэдадні Дня Перамогі. Расея пакідае за сабой права адказаць на спробу ўдару па Крамлі, дзе і калі палічыць патрэбным», — заявілі ў прэс-службе расейскага кіраўніка.

Прэс-сакратар кіраўніка Расеі Дзьмітрый Пяскоў прызнаў, што Ўладзіміра Пуціна ў момант атакі бесьпілётнікаў у Крамлі не было — ён працаваў у сваёй рэзыдэнцыі ў Нова-Агарове.

У тэлеграм-каналах распаўсюджваюць відэа, на якім нібыта бачны агонь на купале Сэнацкага палаца Крамля. Там знаходзіцца рэзыдэнцыя Пуціна. Відэа не вэрыфікаванае.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Камандуючы Абʼяднанымі сіламі Ўкраіны прыехаў на мяжу зь Беларусьсю

Раней у сераду ў розных выданьнях і ў сацсетках зьявіліся паведамленьні, што ў раёне Крамля мінулай ноччу раздаліся два выбухі, відэа публікавалі ў раённай групе Якіманка-Замаскварэчча.

Пры гэтым сапраўднасьць відэа пакуль не пацьверджана, піша «Настоящее время».

У Маскве з 3 траўня ўведзена забарона на запуск бесьпілётных лятальных апаратаў. Выключэньне складуць БПЛА, якія выкарыстоўваюцца па рашэньні органаў дзяржаўнай улады, паведаміў мэр Масквы Сяргей Сабянін:

«Рашэньне прынята для прадухіленьня несанкцыянаванага выкарыстаньня БПЛА, якія могуць абцяжарыць працу праваахоўных органаў», — напісаў Сабянін.

Рэакцыя ў Кіеве

Украіна адмаўляе любыя адносіны да ўдару бесьпілётніка па Крамлі. Пра гэта піша Reuters са спасылкай на высокапастаўленага ўкраінскага чыноўніка з Офіса прэзыдэнта Ўкраіны.

Украіна не валодае інфармацыяй пра так званыя начныя атакі на Крэмль, паведаміў BBC Украіна прэс-сакратар прэзыдэнта Сяргей Нікіфараў.
Пры гэтым, паводле яго слоў, прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі неаднаразова заяўляў, што Украіна накіроўвае ўсе наяўныя сілы і сродкі на «вызваленьне сваіх тэрыторый, а не на напад на чужыя».

«Тое, што адбылося ў Маскве, — гэта, відавочна, эскаляцыя сытуацыі перад 9 траўня. Чаканы прыём з боку нашых супернікаў», — заявіў прэс-сакратар Зяленскага.

Раней сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі Аляксей Данілаў адмовіўся камэнтаваць заяву Расеі пра напад на Крэмль.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Расея працавала, каб яе людзі былі ў фэдэрацыях». Міністар спорту Ўкраіны расказаў пра цяжкасьці дыскваліфікацыі расейцаў і беларусаў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністэрства абароны Беларусі заявіла пра чарговы этап праверкі баявой гатоўнасьці, які пройдзе ў траўні