Пасьля атак дронаў гараць нафтабазы ў Расеі і Ўкраіне

Пажар на нафтабазе ў Казацкай бухце Севастопаля 29 красавіка 2023 года. Ілюстрацыйнае фота

У пасёлку Вална ў Краснадарскім краі гарыць рэзэрвуар з нафтапрадуктамі, паведаміў губэрнатар рэгіёну. Як пазьней удакладнілі ТАСС у экстраных службах, прычынай стала падзеньне бесьпілётніка.

Паводле папярэдняй інфармацыі, загінулых і параненых няма, мясцовым жыхарам нічога не пагражае, напісаў губэрнатар Веньямін Кандрацьеў. На месца прыбылі пажарныя, супрацоўнікі МНС і экстраныя службы.

Плошча ўзгараньня складае 1, 2 тысячы кв. мэтраў, пазьней паведаміў кіраўнік Цямруцкага раёну Фёдар Бабянкоў. Паводле яго, у тушэньні пажару бяруць удзел 85 чалавек і 23 адзінкі тэхнікі.

Як пазьней паведамілі ТАСС ў экстраных службах, прычынай здарэньня стала падзеньне бесьпілётніка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Мінабароны Расеі назвалі «мэту» ўдару па Ўкраіне, у якім загінулі сама меней 19 мірных жыхароў

Тым часам Расея працягвае атакаваць Украіну. Так, падчас начнога нападу на 3 траўня дроны Shahed, запушчаныя расейскімі сіламі, атакавалі нафтабазу ў Крапіўніцкім, паведаміў кіраўнік Кіраваградзкай абласной вайсковай адміністрацыі Андрэй Райковіч.

«У Кіраваградзкай вобласьці ёсьць прылёты. Каля трох раніцы, адразу тры шагеды „Герань-2“ атакавалі нафтабазу ў абласным цэнтры. Абышлося без ахвяр», — напісаў ён у Telegram.

Паводле яго, ліквідацыя наступстваў удару дронамі пачалася адразу. Інфармацыя аб пашкоджаньні ўдакладняецца.

Уначы 3 траўня ў Кіеве і шэрагу абласьцей аб’яўлялася паветраная трывога, якая доўжылася каля чатырох гадзін.

Па дадзеных Паветраных сіл УСУ, сілы СПА зьнішчылі 21 з 26 дронаў «Shahed-136/131». Расейскія войскі атакавалі з Бранскай вобласьці і з усходняга ўзьбярэжжа Азоўскага мора.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейцы ўначы атакавалі дронамі Ўкраіну, найбольш Кіеў і Кіеўскую вобласьць