Кампанія Match Group, якая валодае праграмай для знаёмстваў Tinder, абвясьціла пра сыход з расейскага рынку да 30 чэрвеня 2023 году.
«Мы адданыя абароне правоў чалавека», — абгрунтавалі сваё рашэньне ў Match Group. У гадавой справаздачы кампаніі гаворыцца, што яе брэнды ўжо робяць крокі па абмежаваньні доступу да сваіх паслугаў у Расеі. Пасьля расейскага ўварваньня ва Ўкраіну Tinder адключыў для расейцаў платныя опцыі, якія ў тым ліку дазвалялі хаваць рэкляму.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму, нягледзячы на санкцыі, пасьля пачатку вайны з Расеі сышлі менш за 10% заходніх кампаній? Вынікі швайцарскага дасьледаваньняMatch Group рабіла мала публічных заяў пра дзейнасьць у Расеі, але ў сакавіку 2022 году адзначыла нэгатыўны ўплыў на свой бізнэс у Эўропе, піша Reuters. Дырэктар кампаніі-акцыянэра Match Group заявіў: «Нядобра для брэнда з рэпутацыяй працягваць працаваць у краіне, кіраўнік якой абвінавачаны Міжнародным крымінальным судом».
- Расея ўварвалася ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году. У адказ на гэта ЗША і Эўропа рэгулярна ўводзяць санкцыі, якія забараняюць ці абмяжоўваюць супрацоўніцтва з расейскімі арганізацыямі.
- Пасьля расейскага ўварваньня ва Ўкраіну больш за 1200 кампаніяў згарнулі сваю дзейнасьць у Расеі, зь іх 521 цалкам пакінула краіну. Па падліках «Важных историй», гэта каля 20% замежных кампаніяў, якія працавалі ў Расеі да поўнамаштабнай вайны.
- ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Лепшага мужа ўявіць не магу». Як Tinder зьмяніў жыцьцё беларусак