У Менскім гарадзкім судзе 28 красавіка Франчука асудзілі на тры гады калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму нібыта за распальваньне варожасьці, а таксама ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх (ч. 1 арт. 342 КК).
Праваабаронцам «Вясны» стала вядома, што 13 траўня ў судзе Бабруйскага раёну і гораду Бабруйску адбудзецца разгляд крымінальнай справы супраць Франчука паводле арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі). Працэс будзе весьці судзьдзя Вольга Серакова.
Сяргей Франчук — стрыечны брат намесьніка камандзіра палку Кастуся Каліноўскага Вадзіма Кабанчука. Франчук мае трэцюю групу інваліднасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску судзяць стрыечнага брата намесьніка камандзіра палку імя Каліноўскага: пракурор просіць тры гады калёнііЗа што судзяць сваякоў каліноўцаў
Праваабаронцам «Вясны» стала вядома пра ціск на сваякоў намесьніка камандзіра палку Каліноўскага Вадзіма Кабанчука з боку беларускіх сілавікоў.
Першай ахвярай ціску стаў 32-гадовы стрыечны брат Вадзіма Сяргей Франчук. Як паведаміла «Вясьне» маці Вадзіма Таісія Кабанчук, яго забралі з кватэры бацькоў у Бабруйску, дзе ён жыў апошнім часам. 9 жніўня, калі бацькі Сяргея былі на лецішчы, 5 чалавек зь менскага АМАПу ўварваліся ў кватэру, ударылі Сяргея Франчука пісталетам па галаве, правялі ператрус, забралі мабільны тэлефон, ноўтбук і самога Сяргея.
Яму выставілі абвінавачаньне паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу Беларусі («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх»).
Сілавікі запісалі «пакаяльнае» відэа зь Сяргеем Франчуком, дзе ён кажа, што ўдзельнічаў у акцыях пратэсту 2020 году і пісаў камэнтары ў «экстрэмісцкіх» тэлеграм-чатах. На відэа відаць, што лоб у Сяргея заклеены.
Таксама на допыт у КДБ выклікалі стрыечную сястру Вадзіма Кабанчука з мужам. У іх таксама распытвалі, што яны ведаюць пра Вадзіма.
Многія беларусы з пачатку вайны сталі на абарону Ўкраіны, сфармаваліся полк Каліноўскага і полк «Пагоня», таксама беларусы ваююць у шэрагах УСУ. Па падліках штабу Ціханоўскай, на баку Ўкраіны ваююць каля 1500 беларусаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нашы ворагі — Расейская Фэдэрацыя і сатэліт Расеі Лукашэнка». Размова з намесьнікам камандзіра палка імя Каліноўскага Кабанчуком.ВІДЭА