У Менску судзяць 64-гадовага мастака Генадзя Драздова, аднаго зь лідэраў творчага аб’яднаньня «Пагоня»

Мастак суполкі «Пагоня» Генадзь Драздоў. Горадня, 12 кастрычніка 2017

Мастака Генадзя Драздова абвінавачваюць у «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці».

Працэс над былым кіраўніком творчага аб’яднаньня «Пагоня» мастаком Генадзем Драздовым пачаўся 2 траўня ў Менскім гарадзкім судзе. Справу разглядае судзьдзя Яўген Пісарэвіч.

Драздова абвінавачваюць па ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх) і ч. 1 арт. 3614 (садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці) Крымінальнага кодэксу.

Аб затрыманьні мастака ў сярэдзіне жніўня 2022 года, тады пра гэта паведаміла Беларуская Рада культуры. Акрамя таго, у адным з праўладных тэлеграм-каналаў зьявіўся відэазапіс з Драздовым і паведамленне, што затрымалі «творчую асобу», якая прыбыла з Украіны.

У яго сілавікі нібыта выявілі сумесныя фотавыявы з украінскімі вайскоўцамі. Акрамя таго, сьцьвярджалася, што ў 2020 годзе мастак нібыта «прымаў непасрэдны ўдзел у блякаваньні дарог, размаўляў з радыкальна настроенымі апазыцыянэрамі, распрацоўваючы пляны акцый «прамога дзеяньня».

На відэазапісе Драздоў сказаў, што «затрыманы супрацоўнікамі міліцыі невядома за што». На кадрах з кватэры мастака былі відаць невялікія нацыянальныя сьцягі і бел-чырвона-белыя стужкі, раскіданыя кнігі і карціна зь вядомай актывісткай Нінай Багінскай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: прызначылі суд над 64-гадовым мастаком Драздовым; Разьнічэнка выйшаў на волю

Адразу паведамлялася, што супраць 64-гадовага Генадзя Драздова завялі крымінальную справу за «актыўны ўдзел у акцыях пратэсту» ў 2020 годзе (арт. 342 КК).

Пазьней стала вядома, што яго таксама вінавацяць у «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці» (ч. 1 арт. 361-4 КК).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Скандал у Саюзе мастакоў: Генадзь Драздоў абвінаваціў кіраўніцтва ў парушэньні статуту