«З тых сустрэч, якія я правёў ва Ўкраіне, — а іх было шмат, як на цэнтральным узроўні, так і на ўзроўні адной вобласьці — стала зразумела, што галоўнае для пасьпяховай абароны Ўкраіны сёньня — боепрыпасы», —адзначыў Павел.
Паводле яго, Украіна адчувае «востры дэфіцыт боепрыпасаў», неабходных краіне для контрнаступленьня супраць Расеі і аднаўленьня кантролю над сваёй тэрыторыяй.
«Вядома, тэхнікі таксама не хапае, але крытычны дэфіцыт боепрыпасаў ня толькі абмяжоўвае здольнасьць Украіны эфэктыўна абараняцца, але і ў пэўнай ступені абмяжоўвае яе здольнасьць весьці пасьпяховы контрнаступ. І калі яны хочуць аднавіць кантроль над акупаванай тэрыторыяй, якую Расея агрэсіўна ўтрымлівала больш за год, то іншага шляху, акрамя контрнаступленьня, сапраўды няма», — сказаў ён.
Паводле прэзыдэнта Чэхіі, генэрала ў адстаўцы, расейскія вайскоўцы маюць перавагу ў артылерыйскіх ствалах і рэактыўных сыстэмах, але «пераважна толькі ў колькасьці боепрыпасаў — штодня яны страляюць у чатыры-пяць разоў больш, чым украінцы».
28 красавіка прэзыдэнт Чэхіі Пётр Павел і прэзыдэнтка Славаччыны Зузана Чапутава прыбылі ва Ўкраіну. Гэта быў першы візыт Паўла ва Ўкраіну ў якасьці прэзыдэнта Чэхіі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Славаччына перадала Ўкраіне 13 зьнішчальнікаў МіГ-29. Кіеў чакае абяцаныя пастаўкі самалётаў з Польшчы