Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн сустрэўся ў Вашынгтоне з бацькамі журналіста газэты The Wall Street Journal Эвана Гершковіча, арыштаванага ў Расеі па абвінавачаньні ў шпіянажы.
Як паведамілі ў Белым доме, «прэзыдэнт і першая лэдзі ЗША Джыл Байдэн удзельнічаюць у нефармальнай сустрэчы зь сям’ёй Эвана Гершковіча» — яго бацькамі Элай Мільман і Міхаілам Гершковічам, а таксама сястрой Даніэль Гершковіч. Раней Джо Байдэн размаўляў з членамі сям’і журналіста па тэлефоне.
Потым Байдэн сустрэўся з журналістамі Асацыяцыі карэспандэнтаў Белага дому. Такія сустрэчы праходзяць штогод. Сёлета многія журналісты насілі значкі з заклікам вызваліць Гершковіча.
«Мы штодня працуем, каб забясьпечыць яго вызваленьне. Шукаем магчымасьці і інструмэнты для яго вяртаньня дадому. Мы захоўваем надзею», — заявіў Байдэн на сустрэчы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За арыштаванага ў Расеі амэрыканскага журналіста Гершковіча заступіліся 300 ягоных калег з розных краін, якія працавалі ў РасеіУ сваёй прамове прэзыдэнт ЗША падкрэсьліў важнасьць свабоды прэсы.
«Прэса — ня вораг, а адзін са слупоў свабоднага грамадзтва», — заявіў ён.
На сустрэчы прысутнічала маці журналіста Остына Тайса, які зьнік бязь вестак у Сырыі ў 2012 годзе. Байдэн запэўніў яе, што пакуль не пацьверджана сьмерць журналіста, ЗША лічаць яго жывым і прыкладаюць усе намаганьні, каб знайсьці яго і вярнуць на радзіму.
«Журналістыка — не злачынства. Эван і Остын павінны быць вызваленыя, і мы працуем над гэтым», — сказаў Байдэн.
Журналіста The Wall Street Journal Эвана Гершковіча затрымалі ў Екацярынбургу 30 сакавіка. Пазьней Лефортаўскі суд Масквы арыштаваў яго на два месяцы. У дачыненьні Гершковіча завялі крымінальную справу аб шпіянажы.
Расейскае сьледзтва сьцьвярджае, што Гершковіч зьбіраў на замову ЗША сакрэтныя зьвесткі аб адным з прадпрыемстваў вайскова-прамысловага комплексу. Падрабязнасьці абвінавачаньня не прыводзяцца. Па артыкуле аб шпіянажы журналісту пагражае ад 12 да 20 гадоў пазбаўленьня волі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзярждэпартамэнт ЗША аб’явіў журналіста The Wall Street Journal Эвана Гершковіча «неправамерна затрыманым»