Хроніка перасьледу 30 красавіка: актывістка зь Верхнядзьвінску трапіла ў шпіталь пасьля затрыманьня; Івашына зноў зьмясьцілі ў ШЫЗА

Валянціна Болбат, архіўнае фота

У Беларусі працягваецца перасьлед грамадзян. Нярэдка пасьля сустрэч зь сілавікамі людзі трапляюць у шпіталі.

Затрымалі верхнядзьвінскую актывістку Валянціну Болбат

Пасьля затрыманьня жанчына трапіла ў шпіталь. Пра гэта паведаміў гомельскі грамадзкі актывіст Ільля Міронаў.

Пра стан здароўя Валянціны Болбат пакуль няма падрабязнасьцяў.

Паводле яго, Болбат стала дрэнна пры затрыманьні. Пасьля 2020 году грамадзкую дзяячку зь Верхнядзьвінску неаднаразова затрымлівалі па палітычных матывах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сына Анатоля Лябедзькі перавялі на «Валадарку». Супраць яго пачалі крымінальную справу

Дзяніса Івашына зьмясьцілі ў ШЫЗА

Пра гэта напісала ягоная жонка Вольга. Прычыны і тэрмін — невядомыя.

Нядаўна стала вядома, што цяпер палітзьняволенаму журналісту дазволена атаварвацца ў турэмнай краме толькі на дзьве базавыя велічыні (74 рублі) замест пяці. Звычайна такія абмежаваньні ўжываюцца ў дачыненьні тых вязьняў, якіх адміністрацыя прызнае «злосным парушальнікам рэжыму».

У верасьні 2022 году Горадзенскі абласны суд прызнаў Івашына вінаватым паводле арт. 365 КК (умяшаньне ў дзейнасьць супрацоўніка ўнутраных спраў) і ч. 1 арт. 356 КК (здрада дзяржаве) і асудзіў яго да 13 гадоў і 1 месяца калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Алене Гнаўк дадалі год да ранейшых прысудаў