Хроніка перасьледу 29 красавіка: менчукоў асудзілі па «народным» артыкуле, начныя «аблавы» ў Беларусі

Палітычны перасьлед беларусаў працягваецца.

Пачынальніку беларускамоўнага ЖЖ і яго партнэрцы прысудзілі па паўтара года калёніі

У судзе Першамайскага раёну Менску агучылі вырак палітвязьням Ганьне Кавалёвай і Івану Марозаву. Кожнага зь іх асудзілі да 1,5 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму паводле «народнага» арт. 342 КК. Прысуд агучыў судзьдзя Максім Трусевіч, паведамляе «Вясна».

Іван Марозаў — адзін з пачынальнікаў беларускамоўнага ЖЖ (LiveJournal). Пасьля затрыманьня паведамлялася, што мужчыну ставяць у віну ўдзел у пратэстах у 2020 годзе, а таксама відавочна жартаўлівы камэнтар пра тое, што ён атакаваў бы хаймарсамі спэцназ, каб яны стаялі ў яго гаражы. Праз два тыдні была затрыманая і яго партнэрка Ганна.

Беларуска атрымала «суткі» за тое, што пераслала дачцэ песьню «Купалінка»

Пра гэта праваабаронцам «Вясны» распавяла былая арыштантка Акрэсьціна, якая правяла там 15 сутак адміністрацыйнага арышту ў сьнежні 2022 году.

«...Яшчэ адна дзяўчына сядзела за рэпост верша ва „Ўкантакце“ нейкага беларускага аўтара і за тое, што пераслала дачцэ песьню „Купалінка“. За верш і песьню ёй далі 10 сутак.

Пасьля вызваленьня яна пасьпела прыехаць дадому і схадзіць у душ. А ўвечары прагучаў званок у дзьверы, яна адчыніла, а супрацоўнікі ёй сказалі, што яна забылася падпісаць нейкую паперку. Яна адразу зразумела, што гэта значыць. Яе прывялі і зноў далі 10 сутак.

І на працягу гэтых 20 дзён у яе не спыняючыся ішла мэнструацыя. Да канца тэрміну яна была проста белая, я такога колеру скуры ніколі ня бачыла».

Варта адзначыць, што ў Рэспубліканскім «Сьпісе экстрэмісцкіх матэрыялаў» няма песьні «Купалінка» ні ў якім выкананьні.

Праваабаронцы паведамляюць пра начныя «аблавы» ў Беларусі

Ініцыятыве dissidentBY прыходзяць паведамленьні пра аблавы па Беларусі гэтай ноччу. Паводле інфармацыі ініцыятывы, сярод затрыманых ёсьць пэнсіянэры і супрацоўнікі чыгункі. Падрабязнасьці затрыманьняў пакуль не вядомыя.

У Беразіне апошнія месяцы адбываюцца затрыманьні па палітычных матывах

Зьявілася інфармацыя, што ў горадзе Беразіно, пачынаючы з сакавіка, адбываюцца затрыманьні людзей, якія маюць дачыненьне да пратэстаў. Людзей затрымліваюць на падставе некалі апублікаваных фатаздымкаў у сацсетках, а таксама проста па падазрэньні ў «неляяльнасьці да ўладаў». Затрыманьні праводзіць менскі АМАП, піша «Вясна».

Як паведамляюць мясцовыя жыхары, ІЧУ Бярэзінскага РАУС пастаянна запоўнены затрыманымі па палітычных матывах. Людзям звычайна прысуджаюць па 15 дзён арышту, а пры затрыманьні запалохваюць крымінальнымі артыкуламі і запісваюць «пакаяльныя відэа».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 28 красавіка: хворага навукоўца Бортніка арыштавалі чацьвёрты раз запар

Жыхара Скідзеля затрымалі за «экстрэмізм»

Паўла Амплеева са Скідзеля затрымалі за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». Пра гэта паведамляе «Гарадзенская Праваабарона».

Таксама праваабаронцам вядома, што 29 красавіка гарадзенку Аліну Завадзкую будуць судзіць за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». Справу ў судзе Ленінскага раёну Горадні будзе разглядаць судзьдзя Руслан Гурын.

Палітзьняволенага прадпрымальніка Віктара Ламеку жорстка зьбівалі пры затрыманьні

Паводле інфармацыі @MAYDAYMog, сілавікі моцна зьбілі Віктара Ламеку спачатку ў мікрааўтобусе, а потым супрацоўнікі 9-га Упраўленьня ГУБАЗіК МУС РБ працягнулі зьбіцьцё ў будынку ведамства. Пры гэтым вельмі моцна ў Ламекі пацярпела нага.

Цяпер бізнэсоўца з Зэльвы знаходзіцца ў СІЗА, яму прад’яўлена абвінавачаньне па крымінальным артыкуле за паклёп у дачыненьні да Лукашэнкі (арт. 367 КК).

Віктара Ламеку затрымалі 29 сакавіка. Першапачаткова на яго склалі пратакол па 19.11 КаАП РБ, які суд Зэльвенскага раёна ператварыў у штраф. Пасьля завялі крымінальную справу. Калі прадпрымальнік ужо знаходзіўся ў СІЗА, стала вядома, што памерла ягоная маці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Падчас «аблаваў» на Горадзеншчыне затрымалі вядомых музыку, спартоўца і прадпрымальніка
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 27 красавіка: Жыхара Смаргоняў асудзілі на 1,5 года калёніі за абразу Лукашэнкі