Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі пацьвердзіў, што Кіеў рыхтуе контранаступ. Ён «перакананы, што ўкраінскае войска зможа адбіць сілы Расеі, а таксама вярнуць Крым пад кантроль Украіны», паведамляе Yle.
У той жа час Зяленскі дадаў, што посьпех украінскага контранаступу ў значнай ступені залежыць ад паставак заходняй зброі.
«Мы хочам выратаваць як мага больш жыцьцяў, таму колькасьць зброі мае значэньне», — сказаў ён.
Прэзыдэнт Украіны таксама перакананы, што расейскія войскі з кожным днём страчваюць матывацыю і баяцца наступстваў свайго адступленьня. Тым ня менш, на думку Зяленскага, вайна ўсё яшчэ можа зацягнуцца на гады і нават дзесяцігодзьдзі. Каб не дапусьціць гэтага, прэзыдэнт Украіны заклікаў саюзьнікаў больш актыўна дапамагаць Украіне.
«Іншым краінам таньней цяпер падтрымаць Украіну, чым павялічваць рызыкі Трэцяй сусьветнай вайны», — рэзюмаваў палітык.
Пры гэтым Зяленскі ня стаў выдаваць ніякіх падрабязнасьцяў або даты пачатку ўкраінскага контранаступу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Генэральны сакратар NATO: Украіна мае ўсе шанцы на вяртаньне захопленых Расеяй тэрыторый- У апошнія тыдні зьяўляецца ўсё больш заяваў на тэму контранаступу Ўкраіны. Два тыдні таму прэм'ер Украіны заявіў, што контранаступ можа пачацца «ў бліжэйшы час», а яго мэта — «вызваленьне ўкраінскіх тэрыторый у межах 1991 году».
- Кіраўнік Галоўнага ўпраўленьня выведкі Мінабароны Ўкраіны Кірыл Буданаў заяўляў, што падрыхтоўка да контрнаступу Ўзброеных сіл Украіны «ідзе паводле пляну», але самі пляны па яго рэалізацыі ён ня будзе агучваць.
- Апытаньні сьведчаць, што больш за 60% украінцаў падтрымліваюць спробу ваеннага вызваленьня Крыма — нават калі гэта будзе азначаць больш працяглую вайну з РФ і памяншэньне дапамогі Захаду.